president.gov.by

president.gov.by

Дзяржава будзе і надалей кантраляваць працу акцыянаваных прадпрыемстваў, нават калі яны знаходзяцца ў прыватнай уласнасці.

Такая сутнасць заяў, што прагучалі на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам ўкраінскай кампаніі «Матор Січ» 16 кастрычніка ў Мінску.

Акцыянернае таварыства «Матор Січ» выпускае авіяцыйныя рухавікі і газатурбінныя ўстаноўкі. Прадукцыя кампаніі эксплуатуецца на самалётах і верталётах рознага прызначэння больш чым у 100 краінах.

Па словах Лукашэнкі, ён запрасіў кіраўніцтва ўкраінскай кампаніі, каб з першых вуснаў пачуць пра задумы і перспектывы працы АТ «Матор Січ» у Беларусі, а таксама вырашыць лёс Аршанскага авіярамонтнага завода, у раду дырэктараў якога ўваходзіць кіраўніцтва «Матор Січ». Лукашэнка заявіў, што яго турбуе праца гэтага прадпрыемства.

«Калі б вы прыйшлі на гэтае прадпрыемства перакантавацца, як у нас казалі, або перажыць нейкія часы, або зрабіць яшчэ нешта другараднае, і не было перспектывы (усё роўна, гэта акцыянернае таварыства ці не, набылі яго ці не набылі), у нас ёсць жорсткі досвед паводзінаў з такімі акцыянерамі і такімі «прышэльцамі». мы з імі разрывалі адносіны, нават з амерыканскімі кампаніямі. Шуму, гвалту было шмат, але ўсё разумелі, што мы маем рацыю», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

«Вы, вядома, можаце падумаць, што я не рынкава разважаю, бо прадпрыемства прыватнае, — дадаў ён. — Ведаеце, калі б вы яго стваралі з нуля, магчыма, я б не ўмешваўся ў пытанні дзейнасці прадпрыемства, за выключэннем правоў работнікаў, у тым ліку кіраўнікоў. Вось іх правы: яны павінны працаваць, атрымліваць годны заробак, іх ніхто не павінен крыўдзіць. І каб прадпрыемства працавала па законе. Усё. Далей я нікуды не ўмешваюся, калі гэта прыватнае прадпрыемства, створанае сваімі рукамі». Але аршанскі завод «быў створаны народам», а пасля акцыянаваны, падкрэсліў Лукашэнка.

«Я вельмі баюся прышлых алігархаў, вельмі баюся, каб гэтыя алігархі ў нас, не дай Бог, не з'явіліся, ды і не пачалі кіраваць краінай, як гэта прынята, не будзем паказваць пальцам, у іншых дзяржавах. Таму я вельмі асцярожна да гэтага пытання стаўлюся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён паабяцаў АТ «Матор Січ» усялякую падтрымку ў выпадку дамоўленасці, паведамляе прэс-служба. «Толькі вы мне заўсёды павінны гаварыць праўду, што вы можаце, што не можаце, — сказаў Лукашэнка. — Вы павінны ведаць маю ідэалогію і мой падыход да гэтых пытанняў. Калі ў вас будуць нейкія пытанні, вы мне іх задайце, але калі мы з вамі вызначымся і дамовімся будаваць адносіны зыходзячы менавіта з гэтых ідэалагічных пастулатаў, то мы заўсёды будзем працаваць паспяхова і вы ніколі не будзеце мець праблем у Беларусі. Гэта я вам гарантую».

Ён дадаў, што ў дачыненні да Аршанскага авіярамонтнага завода «у яго ёсць і асабісты момант».

«Калі саюз (СССР) разваліўся, мне прапаноўвалі там усё зачыніць, разабраць і разваліць. Але, можа быць, і асабістае нешта адыграла, я сказаў: не. Я яго захаваў і хачу, каб гэта прадпрыемства і гэты аэрадром развіваліся», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?