Моладзь пратэстуе супраць несвабоды шляхам калектыўных пэрформансаў. Пра менскую моду на флэш-мобы піша Сяргей Будкін.

Спэцслужбам цяжка нешта інкрымінаваць чалавеку, што дэманстратыўна заплюшчыў вочы і адвярнуўся ад вялікага тэлеэкрану, на якім трансьлююцца беларускія навіны. Апошнія флэш-мобы наведваюць міліцыянты ў цывільным, невядомыя здымаюць акцыі на відэа і нават затрымліваюць удзельнікаў з мэтай дазнацца, хто арганізатар. «Наша правіла – дзейнічаць спакойна і зладжана, а галоўнае - у межах закону, тады яшчэ і кайф здолеем злавіць», – кажа адзін з актывістаў флэш-моб-руху на старонках каардынацыйнага цэнтру ў Інтэрнэце.

Арганізатараў акцыі знайсьці цяжка, а часам іх папросту немагчыма вылічыць: ідэя падаецца ў Сеціве, абмяркоўваецца, дапаўняецца і ўвасабляецца калектыўна. Але з гэтага могуць скарыстаць правакатары. За дзень да правядзеньня флэш-мобу «15 хвілін маўчаньня» на Нямізе ў нядзелю нехта падаў ідэю падчас акцыі ўзяцца за рукі ў жывы ланцуг. Завадатары распазналі правакацыю: «Як толькі мы возьмемся за рукі, падпадзем пад артыкул, даводзьце да ўсіх, што ніякім чынам ня варта гэтага рабіць!»

Самаарганізацыя

Беларуская суполка «by_mob» мае свае мэты: сваімі акцыямі выказаць пратэст супраць дзеяньняў улады. У суботу на by_mob зьявілася адозва злучыць усе ініцыятывы ў адзіны флэш-моб рух ды выпрацаваць праграму правядзеньня адной «нечаканай» акцыі на тыдзень. «Каб падвысіць эфэктыўнасьць акцый, пазьбегнуць раздробненасьці і правакацый», – тлумачаць «флэш-мобэры». На наступны ж дзень у Менску прайшла самая шматлікая флэш-моб акцыя – каля 500 чалавек сабраліся на набярэжнай Сьвіслачы і сталі ланцугом з запаленымі сьвечкамі на 15 хвілін. Мінакі толькі дзівіліся. «Гэта флэш-моб - спосаб выказаць сваю думку бязь лішніх словаў», – патлумачылі ім. І некаторыя зь іх сталі ў ланцуг.

Гісторыя

Флэш-моб – дзіця мабільнай сувязі. Першы флэш-моб зладзіў тры гады таму бізнэсовец зь Нью-Ёрку, які разаслаў па электроннай пошце паўсотні паведамленьняў з прапановай проста так сабрацца ў адной з крамаў на Мангэтане. З тых часоў флэш-мобы (літаральна – «стварэньне натоўпу») набылі масавы характар, раз-пораз ладзячыся ці ня ў кожным буйным горадзе ва ўсім сьвеце. Пры канцы ліпеня ў Кіеве пройдзе ІІ Фэстываль флэш-мобаў.

Першы беларускі флэш-моб адбыўся 24 жніўня 2003 г. – калі да скульптуры «Бабуля, што прадае семкі» ля ўваходу ў Камароўскі рынак, некалькі дзясятак чалавек усклалі «чупа-чупсы».

Пратэстнасьць

Ва ўсім сьвеце флэш-моб лічыцца ня больш чым забавай, якая ня мае вытлумачальнага сэнсу. Як, напрыклад, акцыя ў Лёндане, калі дзьве сотні чалавек па чарзе пыталіся ў кнігарні няісныя творы няісных аўтараў. У Беларусі флэш-моб -- наданьне сэнсу бессэнсоўным учынкам. Беларускія флэш-мобы натхняюцца палітычнымі абставінамі. Закрыцьцё ЭГУ і як рэакцыя – калектыўныя чытаньні падручнікаў на Кастрычніцкай. Зьмена фармату радыё «Рокс» з року на шансон. Рэакцыя – калектыўны шпацыр з прыёмнікамі, абвязанымі чорнай стужкай. Патрабаваньне мэра Менску сплаціць за ачыстку каналізацыі падчас мітынгу на Кастрычніцкай. Рэакцыя – чарга на Галоўпаштампце з ахвочых унесьці сваю 1000 руб. на патрэбы «Менскводаканалу». Патрэбную суму, праўда, не сабралі, бо касірка ад разгубленасьці зачыніла сваё акенца...

«Не зьдзіўлюся, калі зачыніцца перад трыма сотнямі наведнікаў музэй вялікай айчыннай вайны, кіраўніцтва якога наракала на жудасныя страты падчас мітынгаў», – жартуе адзін з «флэш-мобэраў».

TOP-5 флэш-мобаў вясны-2006

1. «15 хвілінаў маўчаньня» – з нагоды інаўгурацыі і палітычных рэпрэсій. Набярэжная Сьвіслачы, 9 красавіка.

2. «Вяртаем грошы Менскводаканалу» – перавод грошай за выезд камунальных службаў на Кастрычніцкую плошчу. Галоўпаштамт, 3 красавіка.

3.»Ня будзем глядзець і слухаць хлусьню!» – прагляд навінаў ОНТ з завязанымі вачыма і ў слухаўках. Кастрычніцкая плошча, 29 сакавіка.

4. «Белыя караблікі» – пусканьне папяровых караблікаў па рацэ зь імёнамі палітвязьняў. Набярэжная Сьвіслачы, 4 красавіка.

5. «Скінем з вушэй локшыну!» – напаўненьне скрынкі зь лягатыпам БТ локшынай розных гатункаў. Пл. Якуба Коласа, 28 сакавіка.

Восем правілаў удзельніка флэш-мобу:

1. Зьявіцца ў дакладна вызначаны час.

2. Не вітацца з астатнімі ўдзельнікамі.

3. Не вылучацца з шэрагу людзей, якія сабраліся.

4. Дзейнічаць толькі па пляне.

5. Быць цьвярозым і адэкватным.

6. Не трымаць аніякіх кампрамэтуючых, нават ускосна, рэчаў і прадметаў.

7. Дзейнічаць толькі ў межах закону і маралі.

8. Хуценька зьнікнуць пры канцы акцыі.

Флэш-моб

– гэта нечаканае зьяўленьне натоўпу людзей у пэўным месцы і ў пэўны час. Акцыя доўжыцца ня болей за пяць хвілін па загадзя распрацаваным пляне. Акцыі заўжды негвалтоўныя, ананімныя, часта выкарыстоўваюць прыёмы абсурду, эпатажу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0