фота Дзяніса Васількова, Tut.by

фота Дзяніса Васількова, Tut.by

Адносіны «настаўнік — бацька» трэба замацаваць заканадаўча, у школы вярнуць шасцідзёнку, а наборы ў старэйшыя класы абмежаваць.

Гэтыя ды іншыя прапановы гучалі ў чацвер на пасяджэнні рабочай групы, створанай для аналізу сістэмы адукацыі. Узначальвае яе намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік. Мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы №20 горада Барысава, паведамляе агенцтва БелТА.

Падводзячы вынік працы сістэмы адукацыі за апошнія некалькі гадоў, Анатоль Тозік адзначыў, што на настаўнікаў ўсклалі неўласцівыя ім функцыі, аж да збору сродкаў на рамонт класаў. Напрыклад, настаўнікаў прымушаюць правяраць, з кім застаецца дзіця, калі абодва бацькі працуюць у начную змену.

«Мы павінны прапанаваць рашэнні, якія б разняволілі школу і дазволілі б рыхтаваць дасведчаных і адукаваных людзей, сапраўдных грамадзян сваёй краіны, — адзначыў Анатоль Тозік. - Трэба забараніць на заканадаўчым узроўні, каму б там ні было ўмешвацца ў працэс, прыбраць са школы усе лішнія дакументы».

Члены рабочай групы таксама паведамілі, што плануецца на заканадаўчым узроўні замацаваць адносіны «настаўнік—бацька».

Як адзначыў намеснік міністра адукацыі Васіль Будкевіч, прапануецца ўстанавіць тыпавую форму дамовы ўстановы адукацыі і бацькоў, дзе дакладна размежаваць адказнасць школы і адказнасць бацькоў за навучанне і выхаванне дзяцей.

Пераход на такую форму прававых адносін дасць магчымасць узмацніць адказнасць бацькоў, дасць школе інструмент уздзеяння на вонкава шчаслівых бацькоў, але якія, тым не менш, не займаюцца выхаваннем свайго дзіцяці.

Уздымалася на пасяджэнні пытанне наконт працягласці навучальнага года.

На сённяшні дзень у Беларусі самы кароткі навучальны год — 165 дзён, у Еўропе — 230, а ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі — 260-265 дзён.

Як мяркуе віцэ-прэм'ер, з такім адрывам у працягласці навучання не атрымаецца выпусціць у жыццё канкурэнтаздольных грамадзян.

Магчыма, неабходна абмеркаваць у грамадстве пытанне павелічэння навучальнага года, увядзенне ў старэйшых класах рабочай суботы або павелічэнне колькасці гадзін, адзначыў ён.

Па выніках рэспубліканскага маніторынгу 77% педагогаў і 65% бацькоў лічаць магчымым увядзенне абмежаванняў на прыём навучэнцаў у 10-ы клас на падставе вынікаў вучобы за мінулы перыяд.

Як адзначыў Анатоль Тозік, члены камісіі павінны вывучыць пытанне аб тым, ці патрэбныя экзамены ў дзявятым класе наогул: «Калі рабіць прыём у 10-я профільныя класы паводле матывацыі і сярэдняга бала атэстата вышэй за шэсць, то навошта нам экзамены за курс базавай школы?».

Апошнія гады спецыялісты адзначаюць рэзкую розніцу паміж вынікамі цэнтралізаванага тэставання і адзнакамі ў атэстатах выпускнікоў. Па сутнасці, выпускныя экзамены набываюць фармальны характар. Анатоль Тозік выказаў меркаванне, што пара ўжо спыніць ацэньваць школу па колькасці паступіўшых у тыя ці іншыя навучальныя ўстановы.

Вынікам стала прапанова праводзіць прыём у 10-я профільныя класы на конкурснай аснове.

Члены рабочай групы падтрымалі прапанову Нацыянальнага інстытута адукацыі прымаць на старэйшую прыступку школы навучэнцаў з сярэднім балам не ніжэй за шасці і адзнакай па профільным прадмеце не ніжэй за сем балаў.

Таксама на пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні якасці беларускіх падручнікаў.

У ходзе нядаўняга даследавання ў якасці асноўнай прычыны цяжкасцяў пры вывучэнні вучэбных прадметаў 50% навучэнцаў назвалі «складанае, не заўсёды зразумелае выкладанне навучальнага матэрыялу ў навучальных дапаможніках». Каля траціны вучняў 9-11 класаў сказалі, што складаная мова выкладання вучэбнага матэрыялу ў навучальным дапаможніку падахвочвае іх звяртацца да рэпетытараў.

Яшчэ адной тэмай для абмеркавання стала эстэтычная адукацыя навучэнцаў.

«Мы кажам, што нашы дзеці не выхаваны і пры гэтым прыбіраем са школьнай праграмы такі важны прадмет, як айчынная і сусветная мастацкая культура», - заўважыў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік.

Акрамя таго, была падкрэслена важнасць захавання і вывучэння беларускай мовы. Калі «матчына мова» сыдзе са школы, — памрэ нацыя, упэўнены члены рабочай групы. На гэтае пытанне ўжо не раз звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы.

«Гэта будзе жахліва, калі мы страцім мову. Чым мы тады будзем адрознівацца ад нашых суседзяў? Як гэта разумець, калі ў нас гісторыю і геаграфію Беларусі большасць вывучаюць па-руску. Грамадзянін Беларусі абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі», — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Члены камісіі таксама прапануюць прыбраць з назвы школ ўказанне на канкрэтную мову навучання і ўвесці абавязковы іспыт па дзвюх дзяржаўных мовах за курс сярэдняй школы (цяпер навучэнцы здаюць такі іспыт на выбар).

На пасяджэнні абмяркоўвалася прапанова аб тым, каб вярнуць у першы і другі клас адзнакі за веды і паводзіны.

Сёння настаўнікі запаўняюць цэлыя сшыткі, «апісваючы» ацэнкі словамі, а дасягненні вучняў ацэньваюцца то зоркамі на палях сшыткаў, то сцяжкамі. Такая сістэма выклікае крытыку і ў бацькоў, і ў многіх педагогаў.

Прапануецца вярнуцца да ранейшай сістэмы і ацэньваць веды вучняў баламі, пачынаючы ўжо з другога паўгоддзя першага класа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0