14:42

«Навошта мне самалёты і расійскія лётчыкі? Дайце мне самалёты і хай лётаюць на іх беларускія хлопцы маладыя. Мы нават ідэалагічна не прапусцім. 

Я прашу, дайце мне С-300, якое ў вас пад плотам ляжыць. А яны нам — за грошы прапаноўваюць. Я што, дурань, буду вас абараняць яшчэ і за свае грошы? Нам Расія кажа, што зброі не дасць, а самі абароняць. Не трэба так, лепш мы самі будзем ствараць, але не клянчыць у Крамля.

Мы распрацоўваем зброю. Тое, што не можам зрабіць самі, нам дапамагаюць іншыя, не расейцы. Часам бясплатна. Гэтаненармальна».

14:35

«Беларусы сабралі ў сабе ўсё лепшае ад рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў. Татараў у нас 30 тысяч. Таму беларусы і разумныя, бо ўзялі ўсё лепшае. Я нават не пра сябе, я пра беларусаў. Я ўкраінец больш, напэўна».

14:28

«Калі фашысты напалі на нас, то мы выступілі адзіным фронтам. А цяпер трэба агульны фронт? Не трэба ніякіх агульных франтоў, калі Расія самастойна выступіць».

Запыталіся пра міратворцаў, якіх нібыта Беларусь гатовая адправіць ва Украіну.

«Усё не так было. Журналіст «Еўраньюза» абвінаваціў мяне ў прарасійскасці. Дзе яна прарасійская? Каб вам на фактах заходнікам паказаць, як вы вінаватыя ва Украіне, можа расказаць Дональд Туск. У мяне быў план па ўрэгуляванні канфлікту. Міратворцам я быць не хачу, мне гэты імідж не патрэбны. Выбары я, калі захачу выйграю, без гэтага іміджа міратворца. Амерыканцы найперш не прынялі мой план. На жаль, і расіяне не пагадзіліся.

Журналіст мне кажа, але скажыце як трэба рабіць? Ну, я думаю, канечне, ён са спецслужбаў. Нам інтэрв’ю трэба на 8 хвілін, а мы ўжо гутарым гадзіну дваццаць, табе паручылі?

Я гатовы быў вельмі далёка пайсці ў тым плане. Нават да ўводу сваіх узброеных сілаў, каб развесці ўсіх. А цяпер там такая мітусня! Увязвацца цяпер у гэты канфлікт вельмі рызыкоўна! Там цяпер ёсць сілы, якія падпарадкоўваюцца алігархам. Каламойскім. Яны не кіраваныя.

Я заклдваў сваю галаву. Калі сустракаўся з Пуціным, то сказаў яму, што нас уцягваюць у гэтую вайну. Нам ствараюць гэтую мясарубку.

Я не стаў апраўдвацца па міратворцах, але я так не гаварыў. Я казаў: каб прынялі мой план, то выкарыстоўваў бы сваіх міратворцаў».

Пытаюцца адносна пашырэння НАТО на Усход, да межаў Расіі.

«Беларусь пакуль не ў складзе Расіі, прабачце. НАТО набліжаецца да межаў Беларусі. Мяне ж прымалі ў Францыі, Германіі, ЗША.

А дыктатарам я стаў 23 лютага таго далёкага года, напэўна, 17 гадоў таму, калі сказаў, што для нас непрымальна пашырэнне НАТО. У Расіі тады з НАТО гуляліся, гатовыя былі голымі легчы. Гэта была лінія зялёнага Лукашэнкі.

Занадта высокі градус Лукашэнкі ў Расіі, таму вы яго паніжаеце. Прамаўчыце лепш, не бамбіце Лукашэнку».

Кіраўнік краіны папракнуў тэлеканал РБК, што «вы вельмі хутка перафарбаваліся, вамі нехта кіруе. Вы згубіліся ў шматгалоссі іншых тэлеканалаў».

14:11

«Паводзіны Расеі часта ў навакольных краінах называюць — імперскія амбіцыі. А як гэта назваць?

Проста так Беларусі ніхто не аддае, наадварот, як вам расказаў пра падатковы манеўр, стараецца нахіліць, недзе прынізіць, каб на каленях пастаялі, нешта папрасілі і так далей. Гэта заўсёды засмучае і прыўносіць у нашы адносіны ня тое што непаразуменне, а нейкую крыўду.

Альбо вы ўвялі эмбарга супраць Малдовы. Гэтую Малдову давялі да жахлівага стану, ледзьве душа ў целе. Яны падпісалі дамову аб асацыяцыі з ЕС, як і Украіна. Мы бяром у іх вінаматэрыялы, як іх закрыць? Трэба без амбіцыяў, вельмі хітра, з розумам падыходзіць да гэтых пытанняў, каб потым не пацярпець самім.

Малдову закрылі. Маленькая, давай прыдушым. Не трэба.

У адзіночку стаць і выпендрывацца перад сьветам — смерці падобна», — перадае Радыё «Свабода».

13:12

Пытанне пра санкцыі на прадукты з Захаду, якія былі ўведзеныя Расіяй. Як зрабіць, каб больш беларускай прадукцыі даставіць у Расію і каб цэны на яе не павялічваліся?

«На 6—7% выраслі цэны на нашы прадукты ў Расіі. Вы шукайце прычыны павелічэння цэнаў у сябе ў Расіі. Прычына адна. У вашай бязладнасці і бескантрольнасці. У Беларусі такога няма. У Мінску я кантралюю працэс, я забараніў будаваць буйныя гіпермаркеты, каб не знішчыць крамы пакрокавай прысутнасці. Гіпермаркеты — гэта зручна. Мы іх будуем, калі ўжо неабходна. Але нельга знішчыць крамы пакрокавай прысутнасці.

Вы не ведаеце, што ў гіпермаркетаў дзесьці ёсць «дах»? Чым вышэй цана, тым больш «дзялёжка» тавараў.

Пішуць пра «крэветкі» з Беларусі ў Курскай вобласці. Яны ўжо гадоў пятнаццаць там прадаюцца. Справа ў тым, што прыйшоў адзін інвестар, ён пабудаваў аграмаднае прадпрыемства, Машэнскі, здаецца, Аляксандр. Потым ён перайшоў у малочку. Стварыў вядомыя брэнды. Ён закупляў рыбы і крэветкі ў Нарвегіі. Купіў у вас кампанію «Рускае мора». Я падтрымаў, купляй, толькі чэсна. Ён па ўсёй Расіі пастаўляе гэтую прадукцыю. У яго магутнасць вытворчасці было, як да эмбарга перагружанае, гэтак і цяпер.

Вам далёка да нашай прадукцыі. У беларускай каўбасе, у адрозненне ад расійскай, няма туалетнай паперы».

12:39

Пытанне пра бежанцаў.

«Прыязджаюць розныя людзі. Збольшага добрыя. Але і такія ёсць, што думаюць, якіх павінны карміць і апранаць. Але ў нас пазіцыя: хто можа працаваць – павінен працаваць. Мы паставілі іх у адны ўмовы з беларусамі».

Пытанне ад часопісу «Эксперт». Кажа журналіст, што многія ў Расіі падтрымліваюць пазіцыю па Украіне. «Тым не менш, вам давядзецца вызначацца па Крыме. Не толькі дэ-факта, але і дэ-юрэ. Мы знаходзімся ўсё ж у саюзнай дзяржавы. Як вы збіраецеся выходзіць з гэтага пытання?»

«Вы мяне не вельмі напружвайце па Крыме. Не дзяўбіце мяне, як па Абхазіі. Вось Лукашэнка не падтрымаў Абхазію. Ма заўсёды сустракаліся, гандлявалі з Багапшам.

Я паклаў спіс Мядзведзеву, што здарыцца з Беларуссю, калі мы прызнаем Абхазію. Гэта як сёння з Расіяй у санкцыях, толькі ў квадраце. Мне кажуць, ты зноў таргуешся. «Гэта не мае функцыі», — кажа Мядзведзеў. Тады я не магу на гэта пайсці. Заходнікі прысылалі да мяне Салана, Макей у мяне быў перакладчык. Салана кажа, што паважае мяне з даўняй пары. Салана сказаў: выбірайце, ён ні на чым не настойваў. Я зноў паехаў да Мядзведзева і запытаўся, ці хочаце вы, каб Захад знішчыў дзяржаву. Расія сказала, што не гатовая падтрымаць. Расія былі няздольныя нас падтрымаць у гэтым пытанні».

«Калісьці пытанне пра Крыме стане. Але мы даўно вызначыліся. Я на закрытых перамовах Пуціну адкрыта сказаў, як бы я дзейнічаў, але вам сказаць не магу».

12:24

Пытанне пра дачыненні Беларусі і Еўрасаюза. «Вас ужо не называюць апошнім дыктатарам Еўропы», — кажа журналіст.

«Я не хачу гаварыць пра Захад. Там мяне ніколі не любілі і не палюбяць. Я вельмі прамалінейны і шчыры. Я лічу, што палітыка — брудная справа. Я раблю ўсё, каб паказаць, што палітыку можна рабіць чыстымі рукамі.

Я заўсёды выступаю за незалежнасць. Назарбаеву не падабаецца, калі гавораць «старэйшы брат». А я кажу Пуціну, што яны нашы старэйшыя браты. Старэйшы брат малодшага крыўдзіць не будзе.

Заходнікі тут заўсёды бываюць. На чэмпіянат свету мы не пусцілі толькі двух чалавек, якія абражалі наш народ. Яны пабачылі, што тут нармальная краіна. Пайшлі нейкія рухі цела. Трапаць Беларусь і выціраць аб яе ногі ўжо непрыстойна. Мы не мянялі сваёй палітыкі.

Калі мне патэлефанавалі пэўныя людзі… Дыктатару патэлефанавалі. Я ім сказаў, што без згоды дзядзі Сэма вы б не пазванілі. Калі вы хочаце стабілізаваць сітуацыю, то я дашлю да вас свайго чалавека, міністра замежных справаў, ён выкладзе свой план. Захад гэты план не прыняў. Расія таксама адхіліла гэты план».

12:13

Пытанне ад выданне «Саюзнае веча». Жанчына гаворыць пра «грамадзянскую вайну» ва Украіне. Пытанне ж пра Мытны саюз і калі знікне «саюзная дзяржава».

«Не спяшайцеся. Гэта дорага не каштуе. Давайце ліквідуем «саюзную дзяржаву», калі Мытны саюз дасягне такога ўзроўню інтэграцыі, які ёсць у «саюзнай дзяржаве».

Мытны саюз — гэта чыста эканамічнае аб’яднанне. У «саюзнай дзяржаве» ж мы маем адзін план для МЗС, адзіную абаронную сістэму, можна сказаць — адзіную армію.

У нас па днях распісана, які часткі з Расіі далучаюцца ў выпадку агрэсіі з боку НАТО. Я казаў Пуціну і Назарбаеву, ім гэта не спадабалася, чым адрозніваецца Мытны саюз ад «саюзнай дзяржавы»? Меншай глыбінёй інтэграцыі.

Сёння народы незадаволеныя рэалізацыяй праграм «саюзнай дзяржавы». Мы павінны былі вынесці на рэферэндум Канстытуцыю адзінай дзяржавы. У Расіі не захацелі. Нам прапаноўвалі адзіную валюту. Добра, але валюта павінна быць асобнай, як у Еўропе. І эмісійны цэнтр павінен не быць залежным ад Беларусі ці Расіі. Калі мы будуем саюз, то яго аснова — раўнапраўе.

Калі вы да мяне прыязджаеце — гэта свята, святое».

12:00

Лукашэнка зноў расказвае, што быў адзіным чалавекам, хто прагаласаваў супраць развалу СССР. Хоць даўно вядома, што тым чалавекам быў Валерый Гур’евіч Ціхіня.

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў віну за падзеі ва Украіне на Віктара Януковіча. «Пры Віктару Фёдаравічу Януковічу была створана такая сістэма кіравання краінай… Не хацелася б яе характарызаваць, але тое, што я ведаю, такая сістэма пабораў, хабараў і карупцыі, якая была проста нясцерпная для народу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Расказвае, што Януковіч асабіста фінансаваў «Правы сектар», бо яны былі супраць Цімашэнкі.

Лукашэнка намякнуў, што Мядзведзеў больш адэкватна ацэньваў падзеі ва Украіне, чым Пуцін.

Прэм'ер-міністр Расіі Мядзведзеў абсалютна адэкватна ацэньваў падзеі ва Украіне, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што нянавісць да Расіі ва Украіне пачала назапашвацца пасля таго, як Расія пачала накручваць цэны на газ.

У цэлым падзеі ва Украіне Лукашэнка гаварыў амаль гадзіну.

11:52

«Калі б не Расія, то дні «ЛНР» і «ДНР» ужо б скончыліся. Расія з шэрагу прычын вымушаная там прысутнічаць.

Мяне не паслухаліся, што вайну там нельга пачынаць. Бо ледзь не ўпершыню будзе бойня, дзе славяне знішчаюць адно аднаго. Амерыканцы ў адкрытую ў гэтую вайну ўвязваць не будуць.

Мы надалі пляцоўку для дыялогу. Мы маглі б сустрэцца ў Астане, але, як сказалі еўрапейцы, вырашаць еўрапейскія пытанні ў Кітаі не з рукі. Еўрапейцы, да гонару іх, прыехалі да апошняга дыктатара Еўропы.

Пераможцы ў гэтай вайне быць не можа. Чаму працягваюцца там перастрэлкі? Каб не было там выбараў зараз, то ўсё б скончылася. Негадзяі і падонкі. Але гэта ўжо не тая вайна, калі атачалі брыгады, людзі гінулі сотнямі. Гэта ўжо добра.

Я вельмі добра стаўлюся ўкраінцаў. Я калісьці служыў у Памежных войсках. Я праехаў усю Заходнюю Украіну. Ведаю іхніх людзей. Нармальныя там людзі. Падонкі ёсць і на Захадзе, і на Усходзе. Ёсць яны і ў Беларусі, і ў Расіі. Дасі грошы – будуць ваяваць. Там з таго і другога боку ваююць людзі з Расіі і Беларусі, з Захаду. У Заходняй Украіне – цудоўны народ. І беларусам, і украінцам трэба ў іх вучыцца працаваць.

Пры Юшчанку знайшлі мае карані паміж Чарнігавым і Кіевым. Я люблю ўкраінцаў амаль як рускіх».

11:37

Лукашэнка асудзіў парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны насуперак Будапешцкаму мемарандуму. 

«Недапушчальна, калі нейкая дзяржава парушае тую тэрытарыяльную цэласнасць, якая была гарантаваная, і адымае частку тэрыторыі ў той ці іншай дзяржавы. Таму калі ўчыстую казаць, што нейкая дзяржава забрала частку тэрыторыі ў іншай дзяржавы, гэта няправільна».

«Другі момант — гэта далучэнне, захоп Крыма. Для Расіі далучэнне, для Украіны — захоп. Я ў гэтым пытанні заўсёды стабільны. У 1994 на сцэне ў Будапешце прапанавалі вывезці з Беларусі ядзерную зброю. Гэта было патрабаванне ЗША. Нашы «свядомыя» былі гатовыя зрабіць, што заўгодна. Я дэ-факта мусіў выконваць ранейшыя патрабаванні, хаця сам быў катэгарычна супраць. Самы жорсткі шантаж па вывадзе ядзернай зброі я атрымліваў з Расіі. Абяцалі перакрыць газ, казалі, што не будуць яго абслугоўваць. Я стрымліваў гэты працэс, наколькі магчыма.

Дык вось, стаяць на сцэне Лукашэнка, Кучма і Назарбаеў. Расія тады была слабай, і ёй дыктавалі свае ўмовы. Побач з намі Клінтан, Ельцын, прадстаўнік Вялікабрытаніі. Як гаранты таго, што нам гарантуюць незалежнасць у рамках тых межаў, якія мы мелі на той момант. Нам гэта было гарантавана.

Цяпер кажуць, а вось ведаеце, Хрушч сякі-такі аддаў Украіне Крым. Гэта не так! Нам была дадзеная гарантыя. Гэта недапушчальна, калі нейкая дзяржава парушае тэрытарыяльную цэласнасць. Гэта няправільна. Я вам шчыра гэтага пацвярджаю».

У той жа час ён асудзіў і ўкраінскае кіраўніцтва за непрадуманыя дзеянні. Чаму Расія пайшла на гэты крок? — працягваў ён. — Я казаў украінскім журналістам, ці лічыце вы Крым сваім? Так, кажуць. А чаму вы аддалі яго без адзінага стрэлу?

Яшчэ я казаў, навошта вы забараняеце рускую мову? І трэцяе, чаму вы хацелі размясціць у Крыме базы НАТА. Вы мінімум далі падставу, каб Расія далучыла Крым да сябе. Вы самі падставіліся. Вы вінаватыя, а не Расія».

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што лічыць абсурдам развагі некаторых палітыкаў аб тым, што Расія можа паспрабаваць захапіць і частку тэрыторыі Беларусі.

«І не думайце, што я тут баюся, як некаторыя ў Расіі! Асабліва ў нас, апазіцыя, нацмены нашы, нацыяналісты мяне палохаюць: сёння Украіна, заўтра Беларусь, а паслязаўтра Казахстан, ці наадварот. Я не дапускаю, каб Беларусь там у нейкай чарговасці стала чарговай дзяржавай, у якой Расія з нейкіх прычынаў забярэ частку тэрыторыі ці ўсю Беларусь», — сказаў Лукашэнка.

«Я кажу: Уладзімір Уладзіміравіч, вы не перажывайце. Гэта вы, кажу, павінны напрагацца. Частка смаленскіх, бранскіх або пскоўскіх зямель некалі належалі Беларусі, таму давядзецца падзяліцца», — жартаўліва расказаў Лукашэнка. 

11:26

Лукашэнка не хоча, каб прэс-канферэнцыя праходзіла ў класічным жанры «пытанне-адказ». Прапануе, каб праходзіла ўсё ў форме «гутаркі». «Я ведаю, калі вы задаяце пытанне, то можаце ведаць адказ. Вы проста хочаце пачуць, як на гэтую падзею рэагуюць у Беларусі».

Пачынаецца прэс-канферэнцыя з пытання ад тэлекампаніі «Мір». Канечне, пытаецца пра Украіну. «Гэты боль не праходзіць і часам не лечыцца», — кажа журналіст.

«Не ўсе ў Расіі разумеюць маю асабістую і пазіцыю Беларусі па Украіне. Мне вельмі важна раставіць акцэнты, каб расіяне разумелі маю пазіцыю. Ці гуляецца Лукашэнка з Захадам і Усходам, ці не?

Я заўсёды знаходзіў супольную мову з тымі палітыкамі, што знаходзіліся ва ўладзе ва Украіне. Не толькі з Кучмам і Януковічам, але і з Юшчанкам, Цімашэнкай, Турчынавым, у тым ліку з Парашэнкам. Хаця выказваўся і крытычна аб кіраўніцтве Украіне. Яны ніколі не крыўдзіліся на мяне. Мая крытыка не была злобнай. Я і цяпер падтрымліваю добрыя адносіны з украінцамі. Скажыце, гэта што, на шкоду Беларусі і Расіі?

Тое, што я размаўляю з украінскімі кіраўнікамі. Нават з Ляшко, які нібыта рэакцыйны ў дачыненні Расіі. Ён сам падышоў у Радзе, паціснуў мне руку, адрэкамендаваўся. Украінцы заўсёды віравалі, асабліва перад парламенцкімі выбарамі. У нас зусім інакш, іншая арганізацыя выбараў. Я буду і далей працягваць адносіны з гэтымі людзьмі.

Другі момант. У Расіі прайшоў антыканстытуцыйны пераварот… Ой, не рабіце з гэтага ніякіх вывадаў. Ва Украіне прайшоў антыканстытуцыйны пераварот. Хто вінаваты? Прэзідэнт Украіны — спадар Віктар Януковіч. Ён вінаваты, толькі ён».

 ** *

Пачалося ўсё з уступнага слова кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка сказаў, што «аб’ектыўнай інфармацыі аб Беларусі ў Расіі бракуе». Таксама ён адзначыў, што ў такі складаны час краіны павінны быць разам. «Убіць клін у адносіны паміж нашымі краінамі спрабуюць звонку».

«Канфлікт ва Украіне можа быць вырашаны толькі шляхам перамоваў, ніякіх пераможцаў у гэтым канфлікце не будзе», — кажа Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы сказаў пра актывізацыю «нашых праціўнікаў» на мяжы. Таксама ён пацвердзіў, што Беларусь абмяжоўвае ўвоз у Расію тавараў, якія трапілі там пад эмбарга.

«Цяпер не час шчыпаць адзін аднаго па драбязе, згадваць старыя крыўды».

* * *

Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка правядзе прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-тура ў Беларусь.

Мерапрыемства праводзіцца ўжо 12-ы раз. У цяперашняй прэс-канферэнцыі прыме ўдзел звыш 100 прадстаўнікоў СМІ з 50 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Напярэдадні прэс-канферэнцыі адбыўся традыцыйны прэс-тур яе ўдзельнікаў. На гэты раз расійскія журналісты знаёміліся з сацыяльна-эканамічным развіццём Віцебскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0