На прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

«Сёння, калі б гэтыя выбары былі заўтра, я браў бы ўдзел, — сказаў ён. — Што будзе праз год, шчыра вам кажу, спадзяюся, што не павернецца свет і Беларусь не апынецца недзе там на дне. Калі ўсё будзе нармальна і я буду здаровым, у мяне няма падстаў адмаўляцца ад перадвыбарнай кампаніі». 

Лукашэнка ўпэўнены ў тым, што «прэзідэнтам не становяцца, ім нараджаюцца».

«У прэзідэнта з народам ёсць такая сувязь, не бяруся вам ахарактарызаваць, адкуль яна. Калі ты гаворыш, народ адразу цябе разумее і ўспрымае. Ці не прымае, бывае і гэта, — прызнаў ён. — Нешта такое нябачнае павінна быць у чалавеку ад нараджэння. Такіх людзей шмат у свеце. І калі народ выбірае такога чалавека, ён яго будзе падтрымліваць заўсёды і дараваць яму памылкі. Я ў разважаннях прыйшоў да гэтай высновы: нельга стаць прэзідэнтам, моцным, нармальным, калі з народам у цябе няма гэтага людскага, чалавечага».

Пры гэтым Лукашэнка зноў падкрэсліў, што не плануе прызначаць выбары на сакавік 2015 года, як яму прапаноўвалі.

«Я магу на выбары пайсці і ў сакавіку. Раней не, паводле Канстытуцыі, а ў сакавіку наступнага года можна. Але гэта будзе несумленна. Як бы ні склалася сітуацыя, выбары пройдуць у кастрычніку-лістападзе. Падстройвацца пад сітуацыю, каб захаваць уладу… Гэта не парушэнне Канстытуцыі, але — навошта? Усё роўна ў народа застанецца шчарбінка, а нашы апаненты атрымаюць факт для крытыкі», — сказаў афіцыйны лідар.

Ён нагадаў, што знаходзіцца ва ўладзе ўжо 21 год.

«Ужо ёсць факт стомленасці ад цябе людзей. Не прагаласуюць — ну і добра, гэта магчымасць пажыць. 

Калі ў мяне будзе такое здароўе, як сёння, то я яшчэ нямала пажыву. Я займуся нейкай справай, недзе, можа, нават і адпачну, калі змагу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Самае страшнае — калі, не дай бог, прыйдуць адмарозкі адразу ці потым і спаскудзяць тое, што вы бачылі ў краіне», — падкрэсліў Лукашэнка. «А ў нас ахвотных сёння парэзаць на кавалкі, прыватызаваць і падзяліць хапае. І што ты потым будзеш рабіць? А ўлады няма, ты ўжо не зможаш умяшацца. Вось гэта яшчэ мяне непакоіць», — сказаў ён. 

На думку Лукашэнкі, калі ён адмовіцца ад удзелу ў выбарах, гэта стане халодным душам для ўсіх.

«Калі ў гэтае дзярмо ўтрэскаешся, не ведаеш, як адтуль выбрацца потым. Уявіце: вось — выбары, а я бяру і сыходжу. Халодны душ для народа, і не толькі нашага», — мяркуе кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?