Мінскі дворык пачнуць добраўпарадкоўваць у Маскве ў сакавіку 2015 года. Такое рашэнне прынята сёння на сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Як расказала намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіна Гілевіч, мінскі дворык упрыгожыць маскоўскую вуліцу Барысаўскія сажалкі. «Ён будзе выкананы ў нацыянальным стылі і сімвалізаваць Беларусь і горад Мінск. За аснову ўзята беларуская тэматыка з прысутнасцю элементаў васільковай расфарбоўкі, нацыянальнай вышыўкі і дэталей арнаменту Слуцкіх паясоў», — адзначыла Галіна Гілевіч.

На дваровай тэрыторыі плануецца абсталяваць пешаходныя дарожкі, дзіцячую гульнявую пляцоўку, устанавіць спартыўную пляцоўку, арганізаваць месцы для адпачынку дарослых, пасадзіць газоны. Адкрыццё мінскага дворыка ў Маскве прымяркуюць да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сёння ў Мінску завяршыліся работы па добраўпарадкаванні маскоўскага дворыка. Ён размясціўся ў акружэнні дамоў нумар 46, 46а, 46б, 48, 48а на прасп. Незалежнасці. Тут расійскія спецыялісты абсталявалі дзіцячыя спартыўную і гульнявую пляцоўкі. Змяніліся і трансфарматарныя падстанцыі — іх сцены ўпрыгожваюць варыяцыі хахламской размалёўкі. Дапаўняюць карціну своеасаблівыя альтанкі, велапаркоўкі, альпійскія горкі, кветнікі, рулонныя газоны, пешаходныя дарожкі, вымашчаныя каляровай дробнапамернай пліткай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?