Андрэй Курэйчык нядаўна перабраўся на сталае жыхарства зь Менску ў вёску Турэц. Ён памяняў тэлефоны і адмаўляецца ад кантактаў з большасьцю знаёмых. З драматургам гутарыць Наталка Бабіна.

Драматург Андрэй Курэйчык нядаўна перабраўся на сталае жыхарства зь Менску ў вёску Турэц. У заяве, якую распаўсюдзіла прэс‑служба драматурга, паведамлялася, што нейкі час Курэйчык быў наагул недасягальным для кантактаў. Ён памяняў тэлефоны, амаль не зьяўляецца ў Менску і адмаўляецца ад кантактаў з большасьцю знаёмых. Андрэй Курэйчык пакінуў выкладаньне ў сваёй Майстроўні ў Ліцэі БДУ, адмовіўся ад удзелу ў праекце «Тэатар Онлайн» фэстывалю «Панарама». Рэдакцыі ўдалося зьвязацца са спадаром Курэйчыкам і (пры дапамозе электроннай пошты) пагутарыць пра тое, чым цяпер жыве творца.

Пра пераезд, асабістае жыцьцё, карані

«Наша Ніва»: Менскія рыэлтэры гавораць, што апошнім часам назіраецца тэндэнцыя: людзі прадаюць кватэры ў горадзе і перабіраюцца ў прыватныя дамы пад Менск. Тым ня менш, такі пераезд знанага чалавека — неардынарная падзея. Раскажыце, калі ласка, чаму Вы вырашылі пераехаць?

Андрэй Курэйчык: Мне складана гаварыць пра тэндэнцыі. Я не кіруюся імі ў сваіх рашэньнях. Мне хацелася зьехаць з гораду і жыць у сваім доме. Я гэта зрабіў. Мне хацелася знайсьці сьветлае месца, дзе маё сьвядомае адасабленьне, мая сьвядомая самота ня будзе турмой, а будзе месцам для шчасьця і вольнай творчасьці. Мяркую, у гэтай вёсцы ніхто ня ведае, чым я займаюся. Мне прыемна, што тут я, нарэшце, стаў цалкам непублічнай фігурай.

«НН»: Чаму Вы выбралі менавіта Турэц? З гэтай вёскай у Вас нешта зьвязанае?

АК: Мне падабаецца, што гэта сапраўдная старадаўняя вёска, а ня новабеларускае катэджнае мястэчка для зладзеяватых чыноўнікаў. Гэта мае радавыя мясьціны. Непадалёк, у Сьмілавічах, жыве мая бабуля — чалавек, ад якога я атрымаў у спадчыну творчую жылку. Тамсама жывуць і іншыя мае сваякі. Дарэчы, у Сьмілавічах жыў Хаім Суцін — адзін з найвялікшых мастакоў ХХ стагодзьдзя, карціны якога каштуюць мільёны даляраў. Родзічы па бацькоўскай лініі таксама з навакольных вёсак — Дукоршчыны ды Запольля. Менавіта гэтыя землі асацыююцца ў мяне з паняткам Радзіма.

«НН»: Раскажыце пра Ваш дом? Які ён?

АК: Утульны і сьветлы. Я думаю, ён, пэўна, стане апошнім літаратурным маёнткам у нашай краіне… Мне вельмі шкада, што гэтая традыцыя сыходзіць. Я магу зразумець, чаму пісьменьнікі імкнуліся ў вёску: Пушкін, Талсты, Чэхаў, Бунін, Валошын — гэты сьпіс можна працягваць да бясконцасьці… А ўспомніць тое ж Перадзелкіна ў савецкія гады… Так што ў мяне самы звычайны пісьменьніцкі дом.

«НН»: Якія першыя ўражаньні ад жыцьця ў беларускай вёсцы?

АК: Гэта тое жыцьцё, якое мы забылі ў вялікіх гарадах. Тут мала што зьмянілася з XIX стагодзьдзя. У мяне на вуліцы прарвала трубу і некалькі месяцаў адтуль ліецца, аж хвошча вада. Сапраўдны патоп, а нікога не хвалюе… Сто гадоў пройдзе, і ўсё роўна гэта ня будзе нікога хваляваць. Затое нават незнаёмыя людзі, сустракаючыся на вуліцах, вітаюцца. У краме табе расказваюць навіны… Час тут цячэ інакш… Ёсьць у гэтым жыцьці нешта пранізьліва‑кранальнае і сапраўднае.

«НН»: Як паставілася да пераезду Вашая жонка‑акторка? Ці ёсьць людзі, якія дапамагаюць ёй па гаспадарцы? Як Вы зьбіраецеся арганізаваць тут жыцьцё Вашага маленькага сына?

АК: Мая жонка не ў захапленьні. Наагул, мала хто мяне адобрыў. Але яна мяне кахае і прыняла маё рашэньне. Іншага я ад яе і не чакаў. Мой сын — здаровы і вясёлы пузацік, які, як сонца, асьвятляе нашае з Вольгай жыцьцё нават у гэтую змрочную пару году…

«НН»: Што думаюць наконт Вашага пераезду Вашыя бацькі і бацькі Вашай жонкі? Яны жывуць з Вамі?

АК: Бацькі засталіся ў Менску. Думаю, яны былі супраць. Я гэта зь імі не абмяркоўваю.

Пра тэатар ідэальны і рэальны

«НН»: Клясык заклікаў любіць тэатар і памерці ў тэатры, «калі можаце». Вашае стаўленьне да беларускага тэатру досыць крытычнае. А ці існуе такі тэатар (у нас у краіне ці за межамі), які здаецца Вам ідэальным, такім, у якім варта нават памерці?

АК: Я не люблю гэтага патасу. Ніякі тэатар ня варты сьмерці ці жыцьця ня тое што чалавека, а нават сабакі. Ёсьць мільён больш важных, чым спэктаклі, рэчаў у жыцьці нармальнага чалавека: ягонае здароўе, сям’я, дзеці, бацькі, дабрабыт. Тэатар — усяго толькі гульня для дарослых, спосаб самавыяўленьня і прафэсійнай рэалізацыі для актораў, драматургаў і рэжысэраў і забава для гледачоў. Пытаньне адно ва ўзроўні таленту. Гісторыя ведае шмат геніяльных спэктакляў, рэжысэраў і актораў… На дадзены момант у Беларусі я такіх ня бачу. Тэатар перастаў быць цэнтрам маёй увагі.

«НН»: Вы маеце досьвед працы ў кіно і тэатры. Што падаецца Вам больш прывабным? Што Вам, як аўтару, больш падабаецца: тэатральная п’еса «Выканаўца жаданьняў» ці сцэнар «Любовь‑морковь» паводле яе матываў?

АК: І да таго, і да другога стаўлюся іранічна. Гэты сюжэт — проста жарт, рады, калі ён кагосьці забавіў.

«НН»: Чым Вы зьбіраецеся займацца цяпер, над чым працуеце? Якія тэмы падаюцца Вам вартымі таго, каб над імі працаваць?

АК: Прапановаў цяпер больш, чым магу адужаць фізычна. Ад многага даво¬дзіцца адмаўляцца. Дапісваю сцэнар для амэрыканскіх замоўнікаў. Вельмі няпросты міжнародны праект. Дапрацоўваю новую кінакамэдыю. Пішу сур’ёзны раман. Усе сюжэты — пра чалавечыя лёсы, складаная і неадназначныя. Задаволены далёка ня ўсім. Сапраўднае мастацтва нараджаецца рэдка. Пра ўсё будзеце даведвацца па меры вытворчасьці. Закончыліся здымкі майго другога фільму — «Юлечка». Прадусары кажуць, што матэрыял вельмі цікавы. Зімой пачнуць здымаць працяг «Любовь‑морковь». Вясной яшчэ нешта…

Пра беларускасьць і беларускія грамадзкія рэаліі

«НН»: Рыхтуючыся да інтэрвію з Вамі, знайшла ў інтэрнэце, што Вы рэдагавалі газэту «Вестник культуры», і са зьдзіўленьнем пабачыла, што з гэтай газэтай адбылася такая ж гісторыя, як з «НН»: «Белсаюздрук» разарваў дамову на распаўсюд. Але, у адрозненьне ад «НН», гэта дзяржаўная газэта (наколькі я зразумела). Чаму і як такое адбылося?

АК: «Вестник культуры» — выданьне недзяржаўнае. Яно заснаванае і выдаецца літаратурным саюзам «Полацкая галіна» — недзяржаўным і незалежным саюзам пісьменьнікаў з цэнтрам у Полацку. Як вядома, у нас незалежныя саюзы пісьменьнікаў не ў фаворы ў чыноўнікаў, так што таму, што адбылося, зьдзіўляцца ня варта.

«НН»: Вы аўтар многіх п’есаў, але толькі тры зь іх існуюць па‑беларуску (калі не памыляюся). Чаму так? Вы ня лічыце вартым клапаціцца пра пераклад, бо па‑беларуску чытаюць і ў беларускія тэатры ходзяць нямногія?

АК: На жаль, я не валодаю беларускай літаратурнай мовай настолькі, каб на ёй думаць. Гэта мая бяда. Таму пішу на мове сваіх думак — на расейскай. Але мне вельмі хацелася б бачыць пераклады сваіх п’есаў на беларускую. Шкада, што тэатры ды выдавецтвы не паклапаціліся пра гэта…

«НН»: Вы чалавек вельмі дынамічны, працавалі і бывалі ў многіх краінах, тым ня менш набылі дом менавіта тут, на радзіме. Чаму? Вам камфортна ў Беларусі? Ніколі ня думалі пра тое, каб зьехаць у тую ж Маскву ці яшчэ куды?

АК: Я пажыў у Амэрыцы, Нямеччыне, Англіі, Расеі. Пабываў у 19 краінах сьвету. Я мог бы застацца ў большасьці зь іх, калі б захацеў… Але я пісьменьнік. Я жыву там, дзе мне лепш пішацца. У дадзены момант мая краіна — 18 сотак зямлі ў вёсцы Турэц. Але гэта гордая і вольная дзяржава. Я ня маю ілюзіяў наконт сваёй запатрабаванасьці ў Беларусі. Мабыць, я ня вельмі зручны аўтар. Тут цэняць уменьне быць падлізьнікам. Прычым гэта датычыць і ўлады, і апазыцыі. Мне пляваць. Я не хачу ні перад кім прыніжацца. Нікога ні пра што прасіць. Не хачу мяняць свае перакананьні, каб дагадзіць кан’юнктуры. А галоўнае, я ведаць не хачу ўсіх тых няздараў, ідыётаў, нягоднікаў ды крывадушнікаў, зь якімі даводзілася сутыкацца ў сталіцы, якой бы палітычнай і культурнай арыентацыі яны ні былі. Я выкрасьліў гэты бруд ды пошласьць са свайго жыцьця. І абсалютна сабой задаволены.

«НН»: Кім сябе адчувае Андрэй Курэйчык: беларускім драматургам, чалавекам расейскай культуры, грамадзянінам сьвету, грамадзянінам Саюзнай дзяржавы ці кімсьці яшчэ?

АК: Вольным геніем.

Гутарыла Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0