Глуханямыя ў Мінску перайшлі на раздачу беларускіх сцяжкоў ФОТАФАКТ

Пратэсты грамадзянаў падзейнічалі. Карэспандэнт «Нашай Нівы» ў Мінску назіраў, як глуханяма на святлафоры раздаваў беларускія дзяржаўныя сцяжкі ў камплекце са сцягам Мінска — сінім з Божай Маці.
Раней раздача расійскіх сцяжкоў асобна ці ў пары з беларускім дзяржаўным выклікала інцыдэнты і абурэнне беларусаў. Было няясна, ці гэта проста спосаб зарабляць, які беларускія глуханямыя скапіявалі з Расіі, ці хітрая тэхналогія расійскіх спецслужбаў, скіраваная на прывучванне беларусаў да расійскага сімвала.
Як бы ні было, змены адбываюцца: на скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Лабанка, насупраць будаўнічага гіпермаркета «Мацярык» у суботу раздавалі — узамен за ахвяраванні — сцяжкі толькі беларускія.
Прыкладна 20-гадовы хлопец у спартыўных штанах і цёплай куртцы, танна, пад машынку стрыжаны, прапаноўваў флажочкі з прысоскай кіроўцам, пакуль машыны стаяць на чырвонае святло. На мігі ён паказаў мне, што не хоча, каб яго здымалі.
У той жа час з Берасця й Віцебску на мінулым тыдні паведамлялі, што там працягваецца раздача расійскіх сцяжкоў.
Каментары