Сярод тых, хто прыйшоў на цырымонію развітання, якая прайшла ў рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага, былі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў і ягоны намеснік Андрэй Дзмітрыеў, галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч і шэф-рэдактарка выдання Святлана Калінкіна, кіраўнік каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладзімір Мацкевіч, прадстаўнік амбасады ЗША Крыстафер Паніка, кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майра Мора, журналіст Аляксандр Тамковіч, старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, экс-старшыня Менгарвыканкама і былы прэм'ер-міністр Уладзімір Ярмошын, былы кіраўнік справаў Лукашэнкі Іван Ціцянкоў, кіраўнік перадвыбарчага штаба Лукашэнкі ў 1994 годзе Леанід Сініцын ды іншыя, піша БелаПАН.

Іншы блізкі, у мінулым, сябар сп. Марыніча, ягоны калега па працы ў Мінгарвыканкаме Міхаіл Мясніковіч, цяперашні прэм'ер-міністр, на цырымоніі развітання не прысутнічаў.

Як адзначыў сын палітыка Ігар Марыніч, у 2001 годзе ягоны бацька, займаючы ў той момант пасаду амбасадара Беларусі ў Латвіі, прыняў пастанову ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

«Трэба было дапамагчы краіне, і гэта быў ягоны свядомы выбар. Правільна ці няправільна яно было, цяжка меркаваць. Гісторыя пакажа, — сказаў Ігар Марыніч. — Але ён здзейсніў учынак, учынак мужчыны. Я заўсёды паважаў яго за гэта і падтрымліваў ва ўсім. Бацька заўсёды быў прыкладам, я заўсёды быў раўняўся на яго, калі прымаў нейкія пастановы».

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што Міхаіл Марыніч быў «вельмі сумленны і прыстойны чалавек». «Подлы рэжым з так званым прэзідэнтам адабралі ў яго вялікую частку жыцця. Гэта чарговая ахвяра нашага рэжыму, — сказаў ён. — Гэта быў годны чалавек, які заўсёды кіраваўся сумленнем і прыстойнасцю і шчыра любіў Беларусь».

Уладзімір Мацкевіч адзначыў, што дагэтуль у Латвіі ўспамінаюць Марыніча як «найлепшага беларускага амбасадара і аднаго з найлепшых сярод усіх замежных паслоў у Латвіі». «Яго пасадзілі за ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, і гэта быў знак кожнаму сумленнаму чыноўніку, што ён павінен альбо сысці, альбо не высоўвацца, - сказаў Мацкевіч. - Тое, што ён так рана пайшоў, гэта наступствы турэмнага перыяду, дзе яму падарвалі здароўе».

Уладзімір Ярмошын адзначыў, што пазнаёміўся з Марынічам на рэканструкцыі рамонтнага завода ў 1969 годзе. «45 гадоў мы сябравалі, сказаў ён. — Ён неяк і ў душы, і з выгляду заўсёды быў зварушлівы чалавек, заўсёды хацеў зрабіць лепш. Ён заўсёды прыходзіў на дапамогу».

Ярмошын нагадаў, што Марыніч працаваў намеснікам старшыні і старшынём Мінгарвыканкама. «І мяне зацягнуў у гэты гарвыканкам», — сказаў ён. Гаворачы аб удзеле Марыніча ў выбарах, Ярмошын адзначыў: «Гэта ягоная была пастанова, Міша выбраў гэты шлях».

Экс-кіраўніка справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў падкрэсліў, што ведаў Марыніча як «надзвычай прыстойнага чалавека». «Ён заўсёды людзям дапамагаў і па-іншаму проста не мог. На ўсіх пасадах да справы ён ставіўся добрасумленна. Нікога ў жыцці не мог пакрыўдзіць і не пакрыўдзіў», — сказаў ён.

Уладзімір Някляеў адзначыў, што Марыніч быў «адным з самых светлых беларусаў, якіх даводзілася сустракаць». «Ён любіў жыццё, Беларусь і тых людзей, з якімі жыў побач». «Менавіта любоў да Беларусі, а не цяга да ўлады, прымусіла яго кінуць пасаду і пайсці супраць тых людзей, з якімі рабіў кар'еру. Менавіта дзеля любові да Беларусі ён гэта зрабіў», - сказаў Някляеў.

Пасля заканчэння цырымоніі развітання прайшло пахаванне Міхаіла Марыніча на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Менска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?