Самалёт прэзыдэнта Расеі мусіў прызямліцца ў чацьвер у менскім аэрапорце а 18.00, але затрымаўся на гадзіну з гакам. Двухдзённае перабываньне кіраўніка Расеі ў Беларусі стала першым афіцыйным візытам Уладзіміра Пуціна ў нашу краіну за 8 гадоў ягонага прэзыдэнцтва. Перамовы распачаліся з сустрэчы двух прэзыдэнтаў у Сілічах. У пятніцу перамовы прадоўжыліся паседжаньнем дзяржаўнай рады саюзу Беларусі і Расеі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Цэнтар Менску заблякаваны і запоўнены тысячамі міліцыянтаў і агентаў у штацкім.

Самалёт расейскага прэзыдэнта пасьля 19‑й прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Яго тут сустракалі беларускія афіцыйныя асобы.

Прайшоўшы цераз шэраг ганаровай варты, Пуцін сеў у аўтамабіль і паехаў на сустрэчу з Лукашэнкам, перадае газета.ру.

Перамовы распачаліся з сустрэчы двух прэзыдэнтаў у Сілічах — збудаваным А. Лукашэнкам комплексе, што ў Лагойскім раёне.

Кіраўнік прэсавай службы А. Лукашэнкі Павал Лёгкі сказаў радыё «Свабода»:

«Сустрэча праходзіць у фармаце «сам-насам». Там ніхто не прысутнічае. Асабістая прэса здымала толькі кароткую пратакольную частку. Магу толькі сказаць, што будзе абмяркоўвацца самае шырокае кола расейска-беларускіх праблем, актуальных пытаньняў. Прэзыдэнты сустракаюцца бяз гальштукаў. Гэта абсалютна нармальная практыка. Гэта максымум таго, што я магу ў дадзенай сытуацыі сказаць».

Паводле Паўла Лёгкага, у сераду перамовы працягваюцца ў афіцыйным фармаце. На парадку дня саюзны бюджэт, гандлёва-эканамічныя стасункі, плян сумеснай дзейнасьці ў замежнай палітыцы. А таксама пытаньні, зьвязаныя з функцыянаваньнем сакратарыяту саюзнай дзяржавы.

Заявы для прэсы пакуль былі кароткімі: «Нічога надзвычайнага ў візыце расійскага прэзыдэнта ў Менск няма, — сказаў А. Лукашэнка. — Той ажыятаж, які выклікаў візыт на Захадзе — дзіўны». "Няма ніякае падаплёкі ў гэтым візыце». «Для мяне вельмі дзіўна, што і ў Расіі, і ў Беларусі выказваліся вялікія прагнозы з нагоды афіцыйнага вашага візыту ў Беларусь», — адзначыў А. Лукашэнка, зьвяртаючыся да У. Пуціна.

У. Пуцін акцэнтаваў увагу на эканамічным прагрэсе ў дзьвюх краінах і росьці тавараабароту між Расеяй і Беларусьсю да 24 млрд даляраў у год. «Аб'ём узаемных адносінаў адпраўляе на другі плян ўсялякі афіцыёз, але калісьці трэба заняцца і абмеркаваньнем афіцыйных пытаньняў».

У сувязі зь візытам Пуціна ў Менску й Берасьці адбыліся акцыі пратэсту, якія жорстка разганяла міліцыя. Затрыманыя 17 чалавек.

Быў моцна зьбіты адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Зьміцер Хведарук. У непрытомным стане ён трапіў у 9-ы клінічны шпіталь.

Дзеля прыезду Пуціна ў сталіцы Беларусі прынятыя надзвычайныя меры бясьпекі. Уздоўж цэнтральных праспэктаў выстаўленыя міліцыянты, байцы Ўнутраных войскаў, спэцназаўцы і супрацоўнікі спэцслужбаў у штацкім.

Ад 10-й да 18-й гадзіны рух машынаў па шэрагу цэнтральных вуліцаў часова абмежаваны.

Праехаць няможна па Менскай кальцавой дарозе на ўчастку ад Даўгінаўскага тракту да вуліцы Ціміразева, па праспэкце Пераможцаў, па праспэкту Незалежнасьці ад вуліцы Гарадзкі Вал у накірунку да Нацыянальнага аэрапорту «Менск».

Таксама па вуліцах Энгельса, Леніна, Захарава, Кісялёва, Гарадзкі Вал, Раманаўская Слабада, па вуліцы Кальварыйскай і Клары Цэткін, паведамляе Дзяржаўтаінспэкцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?