70 гадоў таму на Віленшчыне на запавет маршала Юзафа Пілсудскага было пабудавана 100 школ. У некаторых і сёньня вучацца беларускія дзеці.

Сьвяточна адзначыла сваё 70‑годзьдзе Задароская базавая школа Глыбоцкага раёну. Падарункам да юбілею стала перамога калектыву настаўнікаў і вучняў у раённым конкурсе‑аглядзе на лепшыя будынак і тэрыторыі вакол навучальнай установы. Лепшым таксама названы мэтадычны кабінэт беларускай мовы. А яшчэ ўвосень мясцовая школа атрымала багацейшы ўраджай агародніны.

Паглядзець старыя школы колішняй Віленшчыны на мапе Google'a

— Выпадкова такое не дасягаецца, — лічыць колішняя выпускніца Задароскай школы пісьменьніца Ірына Жарнасек, — традыцыі ўпартасьці ў вучобе і працы ідуць ад пачатку заснаваньня гэтай унікальнай школы.

Госьця урачыстасьці прызнаецца, што піша цяпер пра сваю першую школу, фундатара яе будоўлі і настаўнікаў.

Са словаў Ірыны Жарнасек, тамтэйшая школа — старэйшая на Глыбоччыне. Яна была пабудаваная ў адпаведнасьці з запаветам кіраўніка Польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудскага. Незадоўга да сваёй сьмерці ён загадаў пабудаваць на Віленшчыне 100 школ.

— Узводзілі хутка, — кажа пісьменьніца, — адкрыцьцё адбылося ўвосень 1937 году. З гэтай нагоды ў касьцёле прайшла адмысловая імша. У клясы па вывучэньню матэматыкі, геаграфіі, гісторыі і яшчэ шасьці прадметаў бацькі прывялі 156 вучняў. Дырэктарам быў прызначаны Стэфан Паўлоўскі. Заняткі пачыналіся ў 8 раніцы, урокі доўжыліся 40 хвілін.

Шторазу са зьменай улады ў школе вывешвалі новыя партрэты: спачатку быў Пілсудскі, потым — Ленін, пасьля — Гітлер. Цярпелі настаўнікі і вучні. Да прыкладу, Стэфана Паўлоўскага бальшавікі арыштавалі на вачох дзяцей, якіх ён вучыў рабіць дабро. Расстралялі настаўніка ў Катыні.

Цяперашняя дырэктарка Аліна Аляхновіч прызнаецца, што марыць, каб у школе быў музэй яе гісторыі, а прозьвішча Стэфана Паўлоўскага ўшанавана на мэмарыяльнай дошцы.

— Праўдзівых зьвестак і сапраўдных экспанатаў дастаткова, — кажа Аліна Аляхновіч, — шмат чаго зь іх мы вывесілі на стэндах, утварылі краязнаўчы куток.

У Задарожжы я спаткалася зь мясцовай 80‑гадовай жыхаркай Ганнай Вярцінскай. Бабуля ўпэўненая, што школа Пілсудскага прастаіць яшчэ сто гадоў.

Дарэчы, аналягічныя будынкі захаваліся і сёньня ў Барсуках (перад Докшыцамі), Боўкалах і Шкунцічах (Шаркаўшчынскі раён).

Галіна Баравая, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0