Хаверборд Hendo.
На радасць шматлікім фанатам фільма «Назад у будучыню» кампанія Hendo стварыла сапраўдны хаверборд — дошку кшталту сноўборда ці скейтборда, здольную лунаць над зямлёю.
Дошка падымаецца над паверхняй за кошт магнітнага поля ад адмысловай камбінацыі звышмагутных магнітаў. Для левітацыі патрэбна паверхня з неферамагнітнага правадніка — у Hendo карыстаюцца меднымі панэлямі. Пакуль вышыня палёту не перавышае некалькіх сантыметраў, што зусім не падобна да кадраў са знакамітага фільма. Ды і кіраваць дошкай нельга.
Аднак Hendo, фінансаваная праз краўдфандынгавы партал Kickstarter, зрабіла лятучую дошку, каб прадэманстраваць патэнцыял сваёй галоўнай распрацоўкі: рухавіка магнітнай левітацыі. У кампаніі ўжо ёсць прататып дыстанцыйна кіраванага рухавіка.
Дырэктар Hendo Грэг Хендэрсан кажа, што прымяняць яго рухавік магнітнай левітацыі можна і для транспартных сродкаў, пераносу грузаў ці нават у архітэктуры. Хендэрсан марыць рэалізаваць сваю ідэю аб лятучых будынках: рухавікі ў падмурку будуць падымаць дом над зямлёй у выніку небяспекі, напрыклад, падчас землятрусу.
Аднак гэта не значыць, што лятучую дошку Hendo нельга набыць: кампанія абяцае выслаць рабочы экзэмпляр за 10 тысяч даляраў.