Бабулі тры, дзядок і маладзіца
Прыйшлі да кардынала на прыймо.
– Вялебны, нам ня есца і ня сьпіцца –
На рускай мове хочам мы маліцца,
На мове іншай рады не дамо!

Паслаў нас ксёндз, і храм у нас ёсьць новы,
І на алтар сабралі капітал…
– Ваш ксёндз – такі любіцель рускай мовы? –
Спытаўся, памаўчаўшы, кардынал.

– О, Ваша эмінэнцыя, любіцель!
А ў мове беларускай – ні гу-гу.
Ды дбае так пра нашую абіцель…
І кардынал сказаў: – Дапамагу.

А што далей? Храм узвышаўся новы,
У ім жылі малітва і любоў.
А менскі ксёндз, аматар рускай мовы,
Служыць паехаў некуды ў Тамбоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0