Беларусі і Расіі неабходна працаваць над аб'яднаннем нацыянальных плацежных сістэм. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 21 кастрычніка на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску.

«Мяркуем, што трэба павялічваць у разліках ва ўзаемным гандлі ўдзельную вагу расійскага рубля, — сказаў беларускі прэм'ер. — Мы за тое, каб працаваць не толькі над стварэннем нацыянальных плацежных сістэм, але і над аб'яднаннем нацыянальных плацежных сістэм».

На самім пасяджэнні саюзнага Саўміна кіраўнік беларускага ўрада заявіў: «Грошы — рэч далікатная, гэта базавы элемент суверэнітэту. Але ў наяўнай сітуацыі нам для пашырэння нашага сумеснага гандлю трэба шырэй выкарыстоўваць расійскі рубель. Гэта аб'ектыўная рэальнасць».

Размаўляючы з журналістамі, Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што Беларусь і Расія павінны таксама актывізаваць працу над стварэннем сумесных кампаній і акцыянерных таварыстваў як на двухбаковай аснове, гэтак і з удзелам трэцяга боку.

Нагадаем, у Беларусі працуюць 2 тысячы 706 кампаній з расійскім капіталам. «За апошнія паўтара гады колькасць нашых сумесных кампаній прырасла на 200, гэта амаль 15%. За паўгода 3,6 мільярда долараў інвестыцый з Расіі прыйшлі ў Беларусь і 1 мільярд долараў — з Беларусі ў Расію», — паведаміў беларускі прэм'ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0