Футбольны клуб БАТЭ афіцыйна папрасіў прабачэнне ў данецкага «Шахцёра» і бразільскага легіянера ўкраінскай каманды Луіса Адрыяна за расісцкія выкрыкі сваіх фанатаў.
Інцыдэнт адбыўся 21 кастрычніка ў фінале матча 3-га тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў, калі паўднёваамерыканец вызначыўся ў пяты раз і давёў агульны лік да 7:0 на карысць «Шахцёра». З-за паводзін гледачоў суддзя на некалькі хвілін перапыніў паядынак.
«Для нас гэта стала непрыемным сюрпрызам, за які сорамна перад нашымі сябрамі з Данецка. Мы не падзяляем пазіцыі асобных нашых «фанатаў». Наадварот, наш клуб лічыць любыя праявы расізму недапушчальнымі і заклікае гледачоў паважаць усіх удзельнікаў спаборніцтваў», — гаворыцца ў заяве барысаўскага клуба.
У БАТЭ падкрэсліваюць: «Робім гэтую заяву не таму, што клубу пагражаюць санкцыі з боку УЕФА, а таму, што шчыра лічым такія паводзіны дзікасцю і ідыятызмам. Спадзяемся, у далейшым на «Барысаў-Арэне» падобнае не паўторыцца».
Заява БАТЭ была прадубляваная на сайце «Шахцёра», а таксама з'явілася на стужках сусветных інфармагенцтваў, у прыватнасці нямецкага ДПА.
Чакаецца, што пытанне аб санкцыях УЕФА разгледзіць 13 лістапада.