«Беларуская калійная кампанія» (БКК) павысіла цану на ўгнаеньні для краінаў Паўднёва‑Усходняй Азіі да $500 за тону.

Новая цана для рынкаў Паўднёва‑Усходняй Азіі ўступіла ў сілу з 13 сьнежня бягучага года. Раней БКК аб’яўляла аб павышэньні цаны на сваю прадукцыю для краінаў Паўднёва‑Усходняй Азіі да $400 з 7 лістапада гэтага года. Генэральны дырэктар ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Уладзімер Нікалаенка патлумачыў чарговы ўздым цэнаў наступным чынам: «Цяпер на сусьветным рынку дэфіцыт на калійныя ўгнаеньні складае амаль 1 млн.т, пры гэтым попыт на прадукцыю прадаўжае няўхільна расьці, а прапанова застаецца прыкладна на тым жа ўзроўні, таму рынак натуральным чынам рэагуе на сытуацыю павышэньнем цаны».

Сёньня БКК сусьветны лідэр, займае 30 % сусьветнага рынку паставак калійных угнаеньняў. Мае 5 прадстаўніцтваў: у Пекіне, Дэлі, Сан‑Паўлу, Чыкага, Сынгапуры. Эўрапэйскі рынак забясьпечваецца зь Менску, дзе месьціцца штаб‑кватэра БКК. Прадукцыя кампаніі грузіцца ў партах Клайпэды (Літва), Вэнтспілс (Латвія), Мікалаеў (Украіна).

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0