СБУ пад Кіевам затрымала расійскага дыверсанта, які прадставіўся генералам ФСБ па прозвішчы Грачышкін, памочнікам дэпутата Дзярждумы Расіі.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка.
«Гэты грамадзянін РФ называўся генералам ФСБ, яго прозвішча Грачышкін, у яго ёсць пасведчанні намесніка галоўнага рэдактара «Российских новостей», памочніка дэпутата Дзярждумы», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, затрыманы падазраецца ў арганізацыі пратэстаў нацгвардзейцаў пад Адміністрацыяй прэзідэнта.
«Ён не проста затрыманы, мы гаворым пра тое, што менавіта гэты лялькавод, пражываючы апошні месяц у Кіеўскай вобласці, арганізоўваў і каардынаваў такія правапарушэнні: правакацыі па інспіраванні так званых пратэстных акцый Нацгвардыі каля Адміністрацыі прэзідэнта», — дадаў ён.
Па словах кіраўніка СБУ, у дадзены час гэты грамадзянін РФ дае паказанні ўкраінскім праваахоўнікам.
Акрамя таго, паводле дадзеных СБУ, менавіта гэты чалавек арганізоўваў вываз цел загінулых грамадзян РФ з тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама непасрэдна кантактаваў з тэрарыстамі.
Як вядома, салдаты-нацгвардзейцы тэрміновай службы з Кіеўскай вобласці 13 кастрычніка зладзілі акцыю каля Адміністрацыі прэзідэнта Украіны з патрабаваннем дэмабілізацыі.
Пракуратура Цэнтральнага рэгіёна праводзіць расследаванне па факце бяздзейнасці камандзіраў асобных вайсковых частак Нацгвардыі з гэтай нагоды.
Галоўны ваенны пракурор Украіны Анатоль Маціёс паведаміў, што па наяўнай у праваахоўных органах інфармацыі вайскоўцаў Нацгвардыі заклікалі пратэставаць у сацыяльных сетках з тэрыторыі Расіі.