28 кастрычніка (аўторак) у 16.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя кнігі Аляксандра Надсана «Выбранае» (укладальнік і аўтар каментарыяў Ірына Багдановіч).

Зборнік, які выйшаў у свет у выдавецтве «Кнігазбор» (Мінск, 2014), адлюстроўвае ўсю глыбіню і разнастайнасць дзейнасці святара, паведамляюць арганізатары. У ім змешчаны як казанні, багаслоўскія, пастырскія пасланні і разважанні, так і грамадска-палітычныя і гістарычныя творы. Упершыню друкуюцца зробленыя айцом Аляксандрам пераклады псалмоў. У дадатку змешчаны матэрыялы, прысвечаныя святару. Кніга ўкладзена паводле тэматычнага і жанравага прынцыпаў.

У рамках імпрэзы ў бібліятэцы арганізавана выстава «Слухай, неба, і пачуй, зямля: з нагоды выдання збора твораў а. Аляксандра Надсана».

На ёй прадстаўлены кнігі, артыкулы, рэцэнзіі айца Аляксандра. Сярод іх выданні аўтара, прысвечаныя славутым беларускім асветнікам Кірыле Тураўскаму («Святы Кірыл Тураўскі». Лондан, 1968) і Францыску Скарыне («Выбраныя малітвы з малой падарожнай кніжкі». Лондан, 1992), а таксама тэалагічная праца «Наша вера: кароткі катэхізм хрысціянскай навукі…» (Мадрыд, 1990). Айцец Аляксандр пераклаў на беларускую мову літургічныя тэксты для беларусаў-уніятаў. Яны былі афіцыйна зацверджаны Ватыканам у 1994 г.

На некаторых публікацыях можна ўбачыць аўтографы і дарчыя надпісы А.Надсана Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі («Фундаментальнай бібліятэцы імя Якуба Коласа А.Н. БССР»), з якой ён супрацоўнічаў.

Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны публікацыям пра творчую дзейнасць святара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0