У Беларусі ўступіла ў сілу новая інструкцыя аб прымусовай эвакуацыі аўтамабіля, зацверджаная пастановай Савета Міністраў нумар 986 ад 17 кастрычніка 2014 года.

carshelp.by

carshelp.by

У інструкцыі апісаны парадак прымусовай эвакуацыі транспартных сродкаў, размяшчэння аўтамабіляў на ахоўную стаянку, адбуксіроўкі без размяшчэння яго на стаянку, а таксама агавораны правілы блакіроўкі кола.

Рашэнне аб прымусовай адбуксіроўцы (эвакуацыі) транспартнага сродку і размяшчэнні яго на ахоўную стаянку прымаюць супрацоўнікі ДАІ, упаўнаважаныя складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пры гэтым дзяржаўтаінспектар абавязаны агледзець аўтамабіль у прысутнасці ўладальніка або яго прадстаўніка (калі гаспадар не знойдзены, то ў прысутнасці не менш як двух панятых) і скласці адпаведны пратакол. Па магчымасці робіцца фота- або відэаздымка, матэрыялы якой дадаюцца да справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пратакол складаецца ў трох экзэмплярах, першы з якіх застаецца ў супрацоўніка ДАІ, другі - на ахоўнай стаянцы, трэці прызначаны для ўласніка транспартнага сродку.

У інструкцыі адзначана, што доступ уладальніка аўтамабіля або прадстаўніка ўласніка да прымусова адбуксіраванага транспартнага сродку на стаянцы дапускаецца кругласутачна, але толькі ў прысутнасці вартаўніка стаянкі. Машына вяртаецца ўладальніку па першым патрабаванні, прычым адмова ў сувязі з невыкананнем пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, нежаданнем плаціць за паслугі стаянкі і эвакуатара не дапускаецца. Для атрымання аўто трэба мець пры сабе дакументы на транспартны сродак і вадзіцельскае пасведчанне. Вадзіцелям у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення машыну не вернуць.

Пры вяртанні транспартнага сродку па патрабаванні ўласніка павінен быць праведзены паўторны агляд машыны, складзены адпаведны акт. Аплата паслуг па прымусовай адбуксіроўцы і захоўванні машыны ажыццяўляецца ў органах унутраных спраў або іншай арганізацыі, якой належаць сродак эвакуацыі і ахоўная стаянка. У выпадку адмовы сума спаганяецца ў судовым парадку.

Аўтамабіль падлягае эвакуацыі, калі ён з'яўляецца перашкодай для іншых транспартных сродкаў, руху, работы транспарту аператыўнага прызначэння або дарожна-эксплуатацыйнай, камунальнай службаў.

Пры гэтым асобы, якія прынялі рашэнне аб эвакуацыі, павінны да адбуксіроўкі прыняць магчымыя меры па інфармаванні ўласніка аўто аб неабходнасці ўстаранення ім створанай перашкоды.

Дакументам таксама прадугледжана: супрацоўнік ДАІ ў выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі, мае права ажыццявіць блакіроўку кола транспартнага сродку, калі вадзіцель не знаходзіцца ў транспартным сродку або ў непасрэднай блізкасці ад яго. Блакіруецца пярэдняе левае кола, калі гэта немагчыма - любое кола транспартнага сродку, доступ да якога найбольш зручны. Аб блакіроўцы кола аўтамабіля адразу ж інфармуецца аператыўна-дзяжурная служба тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў па месцы ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння. Калі блакіруецца не пярэдняе левае кола, таксама інфармуецца і ўладальнік транспартнага сродку.

Зняцце блакіроўкі адбываецца ў прысутнасці ўласніка аўто або ўпаўнаважанай ім асобы па першым патрабаванні пасля прад'яўлення дакументаў на машыну і вадзіцельскага пасведчання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?