Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы стане госцем Маскоўскага Мастацкага тэатра ў 2015 годзе. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.

Беларуская сцэна прымае гасцей — на сцэне Купалаўскага тэатра 27 і 28 кастрычніка будзе паказаны спектакль «Дом» Маскоўскага Мастацкага тэатра. Праект будзе мець працяг, і ў хуткім часе калектыў Купалаўскага тэатра вызначыцца, якую пастаноўку ён прадставіць на суд масквічоў.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін выказаў надзею, што абменныя праекты стануць пастаяннымі. «Такія абмены абавязкова трэба арганізоўваць», — лічыць ён.

Гаворачы аб супрацоўніцтве ў тэатральнай сферы, Ірына Дрыга адзначыла, што расійскія тэатры, як сталічныя, так і рэгіянальныя, з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі беларускіх фестываляў. «Выступленні расійскіх калектываў — заўсёды цікавы творчы вопыт для супрацоўніцтва, для далейшых кантактаў», — упэўнена першы намеснік міністра.

Беларускія калектывы таксама выступаюць на падмостках тэатраў Расіі. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы выязджаў на гастролі ў Томск, у нейкім сэнсе на сваю гістарычную радзіму, выступаў на сцэне Тэатра юнага гледача, дзе тэатр працаваў, знаходзячыся ў акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Расійская публіка з захапленнем прыняла беларускія спектаклі, акцёры атрымалі запрашэнне прыехаць зноў. Беларускія калектывы таксама ўдзельнічаюць у расійскіх фестывалях.

Як адзначыла Ірына Дрыга, супрацоўніцтва Беларусі і Расіі адбываецца на пастаяннай аснове. Яна нагадала, што ў 2009 годзе прайшоў Год культуры Расіі ў Беларусі, а ў 2010-м - Год культуры Беларусі ў Расіі. Практыкуюцца абменныя творчыя акцыі, такія як Дні культуры Масквы, Дні культуры Санкт-Пецярбурга ў Беларусі, і наадварот. Новая форма супрацоўніцтва — Дні духоўнай культуры Расіі ў Беларусі. У гэтых мерапрыемствах прымалі ўдзел тэатральныя, музычныя калектывы, дзеячы мастацтваў, мастакі. Узаемадзеянне адбываецца і на ўзроўні арганізацый.

Намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Алена Мілаўзорава дадала, што абвяшчэнне ў Расіі гэтага года Годам культуры стала імпульсам для далейшага развіцця адносін у галіне культуры, у тым ліку з Беларуссю. Гэта планка, якую ўжо няма права зніжаць, лічыць яна. Вядучыя федэральныя тэатры прадставілі гледачам у рэгіёнах свае лепшыя пастаноўкі. Паказ спектакля «Дом» Маскоўскага Мастацкага тэатра ў Мінску, аднаго з лепшых спектакляў, — гэта таксама знакавая падзея.

Паводле яе слоў, вынікі перагавораў па далейшых сумесных планах Беларусі і Расіі атрымаюць адлюстраванне ў міжведамасным пагадненні. Плануецца арганізацыя гастролей тэатраў, музычных калектываў, а таксама праекты ў галіне музейнай дзейнасці. У прыватнасці, размова ідзе аб арганізацыі перасовачных выставак расійскіх музеяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?