Рэкляма беларускамоўных групаў у дзіцячых садках, што некалькі дзён гучала ў гарадзенскім транспарце, знаходзіцца на ўзгадненьні ў гарвыканкаме.

Нагадаем, што аддзел адукацыі Гарадзенскага гарвыканкаму разам з раённымі адміністрацыямі пайшоў насустрач Бацькоўскаму камітэту ў справе арганізацыі беларускамоўных групаў у дзіцячых садках. Пасьля сустрэчы з прадстаўніком гарадзкой адміністрацыі Бацькоўскі камітэт распачаў інфармацыйную кампанію: ад 10 сьнежня ў гарадзенскіх тралейбусах загучала рэкляма беларускамоўных дзіцячых садкоў. Але гучала яна толькі да серады 12 сьнежня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, рэклямай зацікавіліся чыноўнікі ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму.

Адзін з актывістаў Бацькоўскага камітэту Ігар Кузьмініч быў запрошаны ў панядзелак 17 сьнежня ў гарвыканкам: «Я сустракаўся з загадчыкам аддзелу адукацыі Гарадзенскага гарвыканкаму Сяргеем Блажэем, ён на 100 адсоткаў запэўнівае, што гарвыканкам не здымаў рэкляму у транспарце». Пры гэтым чыноўнік адзначыў, што ў любым разе рэкляму трэба ўзгадняць у аддзеле адукацыі, бо гаворка ідзе пра дзяржаўныя садкі. Цяпер тэкст рэклямы знаходзіцца на ўзгадненьні ў сп. Блажэя. «Тое, як хутка рэкляма ізноў зьявіцца ў тралейбусах, будзе паказчыкам, наколькі ўлады гатовыя нам дапамагаць» — мяркуе І. Кузьмініч. Паводле яго, у часе сустрэчы ўсе ягоныя прапановы былі выслуханыя і нават дапоўненыя. На сёньня існуе магчымасьць стварэньне не адной рознаўзроставай, а дзьвюх паўнавартасных групаў, што можа закласьці падмурак для ўтварэньня беларускамоўнай клясы. «Цяпер справа за намі, улады выказалі гатоўнасьць стварыць пры патрэбе групу зь беларускамоўным навучаньнем і ў іншых раёнах гораду, калі будзе набраная неабходная колькасьць дзетак» — сказаў сп. Кузьмініч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?