AFP

AFP

Следства паведаміла пра недастатковую колькасць доказаў па справе аб крушэнні рэйса MH17. Пра гэта паведамляе Spiegel у панядзелак 27 кастрычніка.

Тых доказаў, якія ёсць у следства па справе аб крушэнні малазійскага «Боінга» рэйса MH17 у небе над Украінай 17 ліпеня, не хапае, каб вызначыць дакладную прычыну катастрофы і назваць адказных за яе.

«Мы не ўпэўненыя ў тым, ці ўсё ў нас ужо ёсць, ці можа яшчэ існуе дадатковы матэрыял, магчыма, яшчэ больш спецыфічны. Таго, што ў нас маецца, у любым выпадку недастаткова, каб рабіць канчатковыя высновы. Мы і далей знаходзімся ў кантакце з ЗША, каб атрымаць спадарожнікавыя здымкі», — распавёў галандскі пракурор Фрэд Вестэрбеке.

Паводле яго слоў, вызначыць канкрэтнага вінаватага авіякатастрофы пры дапамозе доказаў зараз немагчыма.

«Зыходзячы з існуючай інфармацыі, абстрэл ракетай «зямля-паветра» з майго пункту гледжання з'яўляецца найбольш верагодным сцэнаром. Але мы не заплюшчваем вочы на верагоднасць таго, што гэта магло быць нешта іншае», — паведаміў ён.

Вестэрбеке заявіў, што Нідэрладны рыхтуюць прававую аснову для звароту да Масквы па дадатковую інфармацыю.

9 кастрычніка з'явілася інфармацыя аб выяўленні аднаго з загінулых з кіслароднай маскай. Гэты факт паставіў пад сумнеў версію імгненнай гібелі пасажыраў самалёта.

У выніку катастрофы самалёта Boeing авіякампаніі Malaysia Airlines ў Данецкай вобласці загінулі 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Самалёт накіроўваўся па маршруце Амстэрдам — Куала-Лумпур. Улады Украіны і прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» ўскладаюць адказнасць за крушэнне лайнера адзін на аднаго.

Раней, 9 верасня, Рады бяспекі Нідэрландаў прадставіла папярэдні даклад аб прычынах крушэння самалёта. У ім паведамляецца, што малайзійскі «Боінг» пацярпеў крушэнне ў выніку шматлікіх пашкоджанняў звонку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?