Судом Першамайскага раёна Мінска 27 кастрычніка вынесены прыгавор вадзіцелю, які збіў ноччу 21 мая на праспекце Незалежнасці ў Мінску супрацоўніка ДАІ. Міліцыянер загінуў на месцы. 

28-гадовы жыхар пасёлка Калодзішчы Мінскага раёна прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Ён таксама пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў. Па рашэнні суда абвінавачваны абавязаны выплаціць у якасці кампенсавання маральнага ўрону па 100 млн. рублёў бацькам загінулага і па 50 млн. рублёў дзвюм яго сёстрам. Прыгавор можа быць абскарджаны. 

Нагадаем, вадзіцель раней восем разоў судзімы за ўчыненне наўмысных злачынстваў. Яму інкрымінавалася кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення (ч. 2 ар. 317-1 КК), крадзеж транспартнага сродку (ч. 1 арт. 214 КК), парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека (супрацоўніка ДАІ) (ч. 4 арт. 317 КК), а таксама ўхіленне ад пакарання ў выглядзе штрафу (арт. 418 КК), ухіленне ад выканання прыгавору суда аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю (арт. 417 КК). 

21 мая каля гадзіны ночы на праспекце Незалежнасці ў Мінску аўтамабілем «Фіят» быў учынены наезд на інспектара дарожна-патрульнай службы пры ажыццяўленні ім службовых абавязкаў. Супрацоўнік міліцыі ад атрыманых пашкоджанняў памёр на месцы. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк, але хутка быў затрыманы. 

Устаноўлена, што «Фіят», якім кіраваў абвінавачваны, быў ім украдзены ў той жа вечар незадоўга да здарэння. Следчыя дакладны вывучылі і аднавілі падзеі таго вечара. Праведзены шэраг складаных экспертыз. Аказалася, што на момант учынення ДТЗ мужчына знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення (2,75 праміле алкаголю), перавысіў устаноўленую на гэтым участку хуткасць, быў пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам на пяць гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?