16 сьнежня 2007г., спаўняецца 125 год з дня народзінаў нашага вялікага земляка, выбітнага заоляга і орнітоляга, акадэміка Тадэвуша Іваноўскага. Сябры грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) вырашылі адзначыць гэты юбілей разам з калегамі з Літоўскага орніталягічнага таварыства LOD (BirdLife у Літве) і жыхарамі в.Галавічполе (Шчучынскі раён на Гарадзеншчыне), недалёка ад якой знаходзіцца родавы маёнтак Іваноўскіх Лябёдка (падрабязьней пра Лябёдку і радавод Іваноўскіх тут: http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=420).

Дзякуючы падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і адміністрацыі Галавічпольскай сярэдняй школы-саду, атрымалася зладзіць сапраўдную урачыстасьць. У нядзелю ў холе школы была адкрыта беларуска-літоўская фотавыстава “Сьвет птушак”, якая складаецца са здымкаў Мікалая Гулінскага (беларускага фотамастака, сябра Савету Гродзенскага абласнога аддзяленьня АПБ з Горадні) і літоўскага фотапаляўнічага Кястуціса Чапенаса (Kestutis Cepenas) Прэзідэнта LOD з Панявежыса). На адкрыцьці выставы перад прысутнымі школьнікамі, настаўнікамі, мясцовымі жыхарамі і сябрамі АПБ з Мінску і Горадні выступіў Мікалай Гулінскі, які заклікаў падрастаючае пакаленьне дзейнічаць згодна са славамі Тадэвуша Іваноўскага: “любіць прыроду праз яе пазнаньне”. На жаль, Кястуціс Чапенас захварэў і не змог прысутнічаць на урачыстасьці, аднак перадаў прысутным свае самыя найлепшыя пажаданьні, агучаныя Дзьмітрыем Вінчэўскім.

Пасьля гэтага адміністрацыя школы запрасіла усіх на дзьве навукова-папулярныя прэзэнтацыі, падрыхтаваныя сябрамі АПБ з Мінску і Горадні. Васіль Грычык (намесьнік дэкана біяфака БДУ і сябра РК АПБ) распавёў пра беларускі пэрыяд жыцьця Тадэвуша Іваноўскага і значэньне яго працаў для сёньняшніх дасьледчыкаў птушак у Беларусі. Аказалася, што беларускія орнітолягі добра ведалі пра дзейнасьць свайго калегі з Літвы акадэміка Тадаса Іванаўскаса. Але калі пад час працы над кандыдацкай дысэртацыяй Васіль Вітальевіч знайшоў у Зоалягічным музэі Пецярбурга зборы птушак з пачатку ХХ ст. невядомага дасьледчыка з Лідзкага павету Т.Іваноўскага, зусім не проста было зразумець, што Іваноўскі і Іванаўскас насамрэч адна і тая ж асоба. У красавіку 1918г. Іваноўскі, ці ўжо Іванаўскас, канчаткова перабіраецца ў незалежную Літоўскую рэспубліку, але не парывае сувязяў з Беларусьсю. Разам з выдаўцамі беларускага часопісу “Крывіч” (выходзіў у Коуне-Каўнасе ў 1923-27гг.) Вацлавам Ластоўскім і Клаўдзіем Дуж-Душэўскім у 1924г. ён удзельнічае ў падрыхтоўцы артыкулу “Номэнклятура беларускіх птушак” („Крывіч”, № 1 (7), Каўнас, 1924, с. 48-59, 118). Фактычна, гэта была першая спроба навуковага абагульненьня беларускіх назваў для 199 відаў найбольш распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікоў гэтага класу жывёлаў. Цікава адзначыць, што многія з прапанаваных назваў цалкам, а некаторыя з невялікімі зменамі, былі выкарыстаны ужо сучаснымі беларускімі орнітолягамі для складаньня Навуковага спісу назваў птушак нашага кантынэнту ў 1999-2000гг. пад час працы над перакладам і публікацыяй палявога вызначальніка “Птушкі Еўропы” (Варшава, “ПВН”, 2000, 532 с.). Дарэчы, тэкстамі з гэтага вызначальніка можна карыстацца на сайце АПБ (http://www.ptushki.org/index.php?area=1&p=static&page=viznachalnik ).

Дзьмітры Вінчэўскі (Старшыня Савету Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і выкладчык біяфаку Гродзенскага дзяржуніверсытэту імя Я.Купалы) распавёў пра літоўскі перыяд жыцьця і дзейнасьці Тадаса Іванаўскаса. Напрыканцы сустрэчы Дз.Вінчэўскі ад імя АПБ перадаў у бібліятэку школы палявы вызначальнік “Птушкі Еўропы”.

Пасьля сябры АПБ былі запрошаны ў школьны краязнаўчы музэй, дзе пазнаёміліся з невялікай, але густоўна падабранай і аформленай экспазыцыяй. Больш падрабязна пра сувязі Іваноўскіх з гэтымі мясьцінамі і іх жыцьцёвыя шляхі расказала настаўніца малодшых клясаў і экскурсавод.

З удзячнасьцю за цёплую сустрэчу, пасьля развітаньня з прадстаўнікамі школы, сябры АПБ накіраваліся на непрацяглую экскурсію ў маёнтак Іваноўскіх “Лябёдка”, які знаходзіцца літаральна ў некалькіх сотнях мэтраў ад в.Галавічполе. Будынкі і зараз знаходзяцца ў выдатным стане і уражваюць прыгажосьцю, стылем і велічынёй (гл. фотагалярэю тут: http://www.ptushki.org/index.php?area=1&p=gallery&action=showimages&galid=51 )

Дзякуем усім, хто удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзеньні гэтага мерапрыемства, але найбольш адміністрацыі Галавічпольскай сярэдняй школы-сада і яе дырэктару Ларысе Леанідаўне Паўлюкевіч, прэзідэнту LOD Кястуцісу Чапенасу, сябрам АПБ: Васілю Грычыку, Мікалаю Гулінскаму, Аляксандру Вінчэўскаму, Віктару Фенчуку, а таксама Швэдзкаму орніталягічнаму таварыству SOF – без іх падтрымкі урачыстасьць не адбылася б.

Пасьля закрыцьця фотавыставы па заканчэньні школьных зімовых канікул усе 29 здымкаў з яе будуць падораны Галавічпольскай школе-саду.

Больш пра Тадэвуша Іваноўскага гл. тут:

http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=421

Здымкі з імпрэзы ў тэксце артыкула тут:

http://ptushki.org//index.php?area=1&p=news&newsid=427

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?