Першае карыснае дзеянне, якое я здзяйсняю штодзень, — гэта вынас хатняга смецця. Вось і ў мінулую сераду жонка ўпёрла мне запоўнены пад завязку пакет, і я бадзёра пакрочыў па прыступках у двор…

Падыход да кантэйнераў, якія, дарэчы, мяняюць ужо ці не пятае месца ў нашым двары, перакрыў вялікі белы фургон з прычэпам. Паблізу, нацягнуўшы ад пранізлівага ветру шэры капюшон, завіхаўся нейкі маларослы чалавек, мабыць, кіроўца.

Трэба сказаць, што вецер на гары, дзе ад 1966 года ўзвышаецца наш дом, не сціхае ніколі. Дом, дарэчы, добра вядомы мінчукам — у савецкія часы папулярным кафэ «Планета», сёння — крамай пад назвай «Дом православной книги».

«Паслухайце, — звярнуўся я да кіроўцы, — чаму вы так нязручна паставілі свой фургон? Ні падысці, ні смеццявозу пад’ехаць… Вунь, смецце ўжо на зямлю валіцца…»

«Капюшон» павярнуўся, з­-пад яго выглянуў немалады шараваты твар з прыемнай, трохі вінаватай усмешкай: «Выбачайце, але тут будзе здымацца кіно…» — «Якое кіно?!» — «Обратная сторона Луны». Не чулі? Расійцы здымаюць, Аляксандр Кот. Той, што «Брестскую крепость» зняў… Сёння будзе здымаць у вашым сутарэнні… На даху ўжо здымаў…» — «Пачакайце… А ў жыхароў спыталі, ці згодны яны цярпець нязручнасці? Святло ў вочы, грукат… Нават смецце не выкінуць…» — «Што вы! Тут дзясяткі ўзгадненняў атрыманы — ад Кіраўніцтва спраў прэзідэнта да ЖЭСа…»

Так, пагадзіўся я, Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ведае, што жыхары пацерпяць, вельмі цярплівыя ў нас жыхары. І пацікавіўся, пра што кіно. «Ну, там як з мінулага ў сучаснае, з сучаснага ў мінулае… Фантастыка… Мне, праўда, больш падабаецца, калі машыны сутыкаюцца…»

Ён яшчэ нешта тлумачыў, а я ўспомніў, што ў сутарэнні, дзе ў цёмным, запыленым аж да дзёру ў горле, завуголлі месціцца і мая забітая цвікамі кладоўка, я не быў мо гадоў трыццаць. Забыўся нават на тое, што там захоўваецца. А вось, бач ты, нехта ў тых сутарэннях усё яшчэ нешта шукае…

Праз гадзіну ўся прастора вакол дома запоўнілася, што той пакет са смеццем, пад завязку. Не ведаю, як увогуле змясціліся сярод амаль прыціснутых адзін да аднаго легкавікоў вялізныя фургоны з надпісам «Тихо! Идет съёмка», генератары на колах, сафіты, нейкія мітуслівыя людзі… Усё гэта грукатала, біла па вачах, смярдзела і мацюкалася…

Штосьці ўсё ж чуў пра тое кіно, знаёмая назва. Загугліў. Так і ёсць: расійскі тэлесерыял, ужо два гады як матляецца па тэлеэкранах. Галоўны герой, Міхаіл Салаўёў, капітан паліцыі з Масквы, ловіць маньяка, які забівае маладых жанчын. Маньяк, вядома, збівае капітана машынай, і той усяляецца «ў цела ўласнага бацькі, Міхаіла Салаўёва­старэйшага, старшага лейтэнанта савецкай міліцыі, і за акном — 1979 год…» 

За акном — 2014 год. Ля майго дома — працяг…

«Так, працяг, — тлумачыць чалавек у спартовых штанах і красоўках, відаць, распарадчык ад «Беларусьфільма». — Да нейкай даты здымаюць… У наступным годзе пабачым…» — «Украінцы не пабачаць…» — «Чаму? Ах, так, адключаюць расійскія каналы… Інфармацыйная вайна, самі ведаеце…» — «А што, дзеянне адбываецца ў Беларусі?» — «Не­не, Расія, ціпа Савецкі Саюз, пры Брэжневе… Людзям такое падабаецца…» — «Ціпа тады добра жылося?» — «А ці не добра? Што б ні гаварылі, але ціха было. Не тое, што зараз…»

Не ведаю, што там адбывалася і будзе адбывацца на «Обратной стороне Луны». Магчыма, нават, нешта цікавае.

Але дакладна ведаю, што не сыходзіць з расійскіх тэлеканалаў бясконцы серыял, як добра жылося ў СССР, асабліва пры Брэжневе. З бескарыслівым і мудрымі сакратарамі абкамаў, з мужнымі энкавэдэшнікамі, вынаходлівымі міліцыянтамі, з патрыятычнымі савецкімі людзьмі, якім дзеля савецкай радзімы не шкада і жыцця… 

Калі б хтосьці з сучасных тэлесерыяльшчыкаў сапраўды зацікавіўся жыццём у брэжнеўскі час, я таксама завёў бы яго ў пад’езды майго дома і паказаў, дзе начавалі дзясяткі людзей, каб не згубіць сваю чаргу на мэблю — у суседнім доме ў нас магазін мэблі.

Потым расказаў бы, як падчас вайны ў Афгане генерал, што жыў у маім доме, разам з жонкай дамагаліся замест кафэ змясціць ваенкамат, нават подпісы збіралі… Што праўда, жыхары падпісваліся. Чаму ж не ваенкамат? Вайна ж!! Інтэрнацыянальны абавязак!

Ён увогуле быў чалавекам абавязку — «дарагі Леанід Ільіч». І ціхіх абавязкаў гэткіх па ўсім свеце было пры ім што брыльянтаў у ягонай дачкі…

Ці не тыя «інтэрнацыянальныя абавязкі» выбухнулі сёння крывёю — ад Сірыі да Данбаса?!

…Надвячоркам кіно з’ехала са двара. Ізноў стала чуваць, як шамаціць на ветры апалае лісце. Вось толькі смецця дадалося. І я, нарэшце, данёс да яго свой неданесены ранішні пакет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?