Працяг кнігі Алега Дзярновіча «Гісторыя Беларусі». Ранейшыя часткі: Гісторыя Беларусі. Князь Глеб і узвышэнне Мінска

У стварэнні «віленскай легенды» полацкіх князёў мы бачым ранні этап фармулявання дынастычных і тэрытарыяльных прэтэнзій маскоўскіх уладароў на полацкую і літоўскую спадчыну.

Пераможаныя кіеўскім князем і сасланыя ў 1129 годзе ў Візантыю князі Полацкай зямлі, як мяркуецца, знайшлі сябе там у сярэднім эшалоне вайсковай эліты. Гэтаму спрыяла сітуацыя ў імперыі: у ХІІ ст. да чужаземцаў на вайсковай службе сталі ставіцца больш лаяльна, выхадцы з Русі, Балгарыі і Сербіі пачалі займаць значныя пасады ў імператарскім войску.

Князёў высылалі з жонкамі і дзецьмі. Хтосьці застаўся назаўжды ў чужой зямлі. Ці не з ліку полацкіх выгнанцаў была княгіня Ксення Брачыславаўна, пахаваная ў царкве Данііла Стоўпніка ў Македоніі?

Два княжычы

Звесткі пра прыгоды палачанаў у Візантыі расцярушаныя па старонках асобных летапісаў, і мы не зможам цалкам рэканструяваць іх жыццё там і абставіны вяртання. Але штосьці ўдалося адшукаць. Так, пад 1139 годам — праз дзесяць гадоў пасля высылкі — летапісы паведамляюць, што «вярнуліся з Царграду два [полацкія] княжычы».

Гэтыя звесткі пакінуў нам ігумен Выдубіцкага манастыра пад Кіевам Майсей, які каля 1200 г. упарадкаваў летапісныя звесткі, складзеныя пры княскіх дварах розных земляў Русі. Вынікам дзейнасці Майсея стаў Кіеўскі летапіс, які працягвае «Аповесць мінулых часоў» і папярэднічае Галіцка­Валынскаму летапісу.

Але чаму полацкія княжычы вярнуліся менавіта ў 1139 г.? Іх галоўны ганіцель, кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч, памёр яшчэ ў 1132 г. Справа можа быць у тым, што ў 1139 г. кіеўскі стол заняў Усевалад Ольгавіч — сын Алега Святаславіча. Лёс Алега трохі нагадваў лёс полацкіх князёў. У 1079 г. хазары, верагодна з санкцыі візантыйскага імператара і кіеўскага князя Усевалада, схапілі Алега ў Цьмутаракані — княстве на Таманьскай паўвыспе — ды вывезлі ў Канстанцінопаль. Але ў той час адбыўся бунт рускіх наймітаў, якія складалі імператарскую гвардыю. Панапіваўшыся, яны хацелі скінуць імператара і напалі на яго спальню. Грэчаскія салдаты адагналі іх і замкнулі ў адной з залаў. Найміты праспаліся і прасілі прабачэння, але іх перавялі са сталіцы на неспакойныя межы. Выслалі і князя Алега, які ў бунце ўдзелу, відаць, не браў, — проста за тое, што быў рускім. Трапіўшы на выспу Родас, ён ажаніўся там з грэцкай патрыцыянкай Феафаніяй Музалон, а ўжо праз два гады, у 1083 г., атрымаў дазвол вярнуцца ў Цьмутаракань. У «Слове пра паход Ігаравы» Алег Святаславіч вядомы як Гарыславіч.

Новы, ад 1139 г., вялікі кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч і быў старэйшым сынам Алега і Феафаніі. Ён добра ведаў сямейную гісторыю выгнання і, апроч таго, быў у блізкіх зносінах з Комнінамі, новай імператарскай дынастыяй Візантыі. Ольгавічы ў той час пачалі браць рэванш у Кіеве і Чарнігаве, і гісторыкі лічаць, што полацкія княжычы маглі з’явіцца на Русі для патрымкі Усевалада Ольгавіча.

Такім чынам, вяртанне двух маладых полацкіх князёў стала магчымым дзякуючы палітыка­дыпламатычнай камбінацыі паміж Канстанцінопалем і Кіевам. Мяркуецца, што яны былі толькі першымі веснікамі — пазней за імі ў Полацкую зямлю маглі вярнуцца і іншыя прадстаўнікі роду.

Але імёны княжычаў­-вяртанцаў мы даведваемся з яшчэ больш позняга летапіса і на гэтым сюжэце нам прыйдзецца трохі спыніцца асобна.

«Віленская легенда»

Гэтыя імёны паведамляе нам помнік маскоўскага летапісання XVI ст. Уваскрасенскі летапіс: Давіл і Маўкольд. Застаецца не да канца зразумелым паходжанне імёнаў гэтых князёў.

Выглядае, што для іх утварэння былі ўзятыя біблейскія і англа-саксонскія ўзоры, што, увогуле, магло адпавядаць традыцыям рускіх князёў. Але не адпавядае традыцыям князёў полацкіх.

Паводле летапіса, Давіл і Маўкольд былі сынамі князя Расціслава Усяславіча (названага ў летапісе Рагвалодавічам), князя Лукомльскага. А вось далей пачынаюцца амаль сенсацыйныя рэчы — у сваю чаргу, у Маўкольда быў сын Міндоўг, а ў Давіла — сыны Від і Гердзень, што выводзяцца летапісцам як продкі Гедымінавічаў. Такім чынам, ствараецца версія полацкай генеалогіі вялікіх князёў літоўскіх. Паводле Уваскрасенскага летапіса, Давіл і Маўкольд былі «запрошаныя вільнянамі на стол» — то бок сталі віленскімі князямі.

У свой час яшчэ Мікола Ермаловіч дзівіўся з нагоды імёнаў гэтых полацкіх князёў — «нетыповых і нетрадыцыйных для полацкай дынастыі». Але беларускі аўтар прызнаваў сапраўднасць гэтых звестак і ішоў далей, сцвярджаючы, што ад 70-­х гадоў XI ст. (ад князя Расціслава) можна гаварыць аб існаванні Віленскага ўдзела ў Полацкім княстве. Ранняя гісторыя Вільні сапраўды патрабуе больш пільнага аналізу, з улікам найноўшых археалагічных дадзеных. Але, разважаючы пра «віленскую легенду» полацкіх князёў, варта прыгадаць гісторыю паходжання самога Уваскрасенскага летапіса.

Ён уяўляе сабою летапісны звод XVI ст. Гэта значыць, ва Уваскрасенскі летапіс былі зведзеныя фрагменты розных летапісаў і адпаведным чынам адрэдагадаваныя.

Рэдагаванне адбывалася ў інтарэсах вялікіх князёў маскоўскіх. Назва ж летапіса паходзіць ад Уваскрасенскага манастыра ў Новым Іерусаліме пад Масквой, дзе і захоўваўся рукапіс.

Такім чынам, у стварэнні «віленскай легенды» полацкіх князёў мы бачым ранні этап фармулявання дынастычных і тэрытарыяльных прэтэзій маскоўскіх уладароў на ўсю полацкую і літоўскую спадчыну. Хоць за гэтай легендай стаяць рэальныя падзеі, звязаныя з вяртаннем прадстаўнікоў полацкага княскага дому з выгнання.

Канец Кіеўскай дзяржавы

Але не трэба думаць, што ў Полацку ўсе гэтыя 30­я гады ХІІ ст., гады выгнання, сітуацыя была статычнай. Спачатку ў Полацку княжыў сын Мсціслава Кіеўскага Ізяслаў, які браў актыўны ўдзел ў выправе на Полацкую зямлю 1129 г. Але ўжо ў 1132 г. новы кіеўскі князь Яраполк, дзядзька Ізяслава, перавёў яго ў Пераяслаўль. Ратацыя князёў была ў традыцыях Рурыкавічаў. Пазней Ізяслаў зноў апынуўся на полацкіх абшарах — яму быў перададзены Менск, а дадаткова таксама Тураў і Пінск. У Полацку ж застаўся княжыць ад імя кіеўскага дому брат Ізяслава Святаполк.

Вось у гэты момант блытаніны палачане і паспрабавалі вырашыць сітуацыю на карысць уласнай дынастыі.

Полацкае веча абвесціла Святаполку, што ён «пазбаўляецца іх», ды выгнала з Полацка. На княжанне быў запрошаны прадстаўнік мясцовай дынастыі з віцебскай лініі Ізяславічаў, унук слаўнага Усяслава і сын Святаслава — Васілька. Праўдападобна, адбылося гэта ў 1132 г. Васілька Святаславіч быў братам яшчэ адной легендарнай постаці Полацка — святой Еўфрасінні.

Ці быў Васілька ў візантыйскім выгнанні? А калі не, дык чаму? Існуюць дзве версіі. Паводле адной, князю Васільку таксама давялося служыць у Візантыі, адкуль ён вярнуўся ў 1131 альбо ў 1132 г. і княжыў да полацкага прызвання ў Віцебску ці ў Ізяслаўлі. А расійскі гістарыёграф XVIII ст. Васіль Тацішчаў сцвярджаў, што праз сваю маці Сафію Васілька прыходзіўся ўнукам Уладзіміру Манамаху. Таму, маўляў, у 1129 г. Мсціслаў Уладзіміравіч і не выслаў у Візантыю свайго пляменніка Васільку.

Васілька паводзіў сябе досыць лаяльна ў адносінах да Кіева. Пры ім Полацк заставаўся васалам Кіева і Манамахавічаў. Так, у 1139 г. полацкі аддзел удзельнічаў у выправе кіеўскага князя Яраполка на Чарнігаў супраць Ольгавічаў. Пскоўскія летапісы паведамляюць нам таксама, што ў 1138 г. Васілька Святаславіч прыязна сустракаў і падтрымліваў выгнанага з Ноўгарада, пасля панесенай паразы ад чудзі, Усевалада Мсціславіча, які стане пскоўскім князем і святым Рускай царквы.

Усе гэтыя драматычныя працэсы вакол Полацкай зямлі адбываліся на фоне фундаментальных зменаў па ўсёй Русі.

Гісторыкі мяркуюць, што пасля смерці ў 1132 г. кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча, які «ўціхамірваў» Полацкую зямлю ў 1129 г., Кіеўская дзяржава канчаткова распалася на шэраг самастойных земляў­вотчынаў, якімі валодалі асобныя галіны роду Рурыкавічаў. Цяпер калектыўная адказнасць гэтага роду захоўвалася толькі за «Рускай зямлёй» у вузкім сэнсе слова — за Кіеўскай зямлёй, першапачатковым ядром Кіеўскай Русі. Але кіеўскі пасад па­ранейшаму заставаўся прывабным і пачэсным, за яго змагаліся, каб атрымаць прыярытэт у іншых палітычных справах.

Усе гэтыя працэсы яшчэ больш аддалялі Полацк ад Кіева і астатняй Русі.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?