У межах XXI Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад» у кінатэатры «Цэнтральны» будуць праходзіць начныя кінапаказы, паведаміў на прэс-канферэнцыі 29 кастрычніка кінакрытык, дырэктар праграмы ігравога «Лістапада» Ігар Сукманаў. 

Ноччу 7, 8 і 14 лістапада ў кінатэатры будуць ісці кінамарафоны «Паўночныя пачуцці». «Гэтыя карціны прадэманструюць увесь дыяпазон жанравага кіно. Тут будуць і арт-блакбастары, карціны, якія маюць выдатную фестывальную і пракатную рэпутацыю», — адзначыў Сукманаў. 

У прыватнасці, гледачы змогуць убачыць свабодную інтэрпрэтацыю аповесці Фёдара Дастаеўскага «Двайнік» у аднайменнай англійскай карціне. Таксама на экране будзе прадстаўлена стужка «Тэарэма зеро», фільм «Дурная справа няхітрая», які Сукманаў назваў «лёгкім прывітаннем братам Коэнам», і адзін з галоўных хітоў абмежаванага пракату — карціна «Галгофа» ірландскага рэжысёра Джона Майкла Макдона. 

У традыцыйных паказах на фестывалі будуць прадстаўлены карціны і для шырокага гледача, і больш інтэлектуальныя стужкі. «Для таго каб прадставіць гэту панараму сусветнай кінематаграфіі і паказаць, што над фестывалем працуюць не толькі на аўдыторыю акадэмічную, мы і фарміравалі такую разнапланавую праграму», — расказаў Сукманаў. 

Ён адзначыў, што міжнародная акрэдытацыя FIAPF дазволіла «Лістападу» атрымаць не толькі статус міжнароднага, але і стаць у шэраг з іншымі фестывалямі свету. «Мы зрабілі акцэнт на тых тэрыторыях, якія раней зваліся сацыялістычнымі, на тым, з чым мы жылі 20 гадоў таму, а зараз гэтыя тэрыторыі для нас меней вядомыя, чым той жа Галівуд», — падкрэсліў ён. 

Паводле слоў Сукманава, сёлета асабліва цікавыя карціны прадстаўлены з Грузіі і краін Прыбалтыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?