Сяргей Маркаў

«Мы спадзяемся, што Расія і Беларусь знойдуць у сабе палітычную волю зноў уз’яднацца ў адну краіну», — заявіў у інтэрв’ю БелаПАН расійскі палітолаг, дэпутат Дзяржаўнай думы ад партыі «Адзіная Расія» Сяргей Маркаў.

Як зазначыў С.Маркаў, і ў Расіі, і ў Беларусі «застаюцца такія базавыя фактары, як воля большасці грамадзян да максімальнага супрацоўніцтва аж да ўз’яднання ў адну краіну, а таксама тое, што гэта выгадна і таму, і другому боку».

Каментуючы рашэнне, прынятае наконт цаны на газ для Беларусі ў 2008 годзе (у першым квартале яна складзе 119 долараў за 1 тыс. кубаметраў), палітолаг выказаў меркаванне, што такія камфортныя для Беларусі ўмовы звязаныя з тым, што бакі вырашылі «не цешыць праціўнікаў і вырашаць усе вострыя пытанні з мінімальнымі стратамі».

«Ці трэба рабіць тое, чаму радуюцца ўсе нашыя ворагі?» — сказаў С.Маркаў, дадаўшы, што выбаршчыкі таксама былі вельмі незадаволеныя леташнім канфліктам.

Апрача таго, падкрэсліў суразмоўца БелаПАН, «ясна, што для абодвух бакоў страты ад такіх канфліктаў значна вышэйшыя, чым прыбытак». «Таму, я думаю, канфліктны патэнцыял пайшоў у падполле, а дзе гэтае падполле, і ў якой ступені яно абяззброена — пытанне адкрыта».

Наколькі далёка зайшлі ў Мінску палітычныя перамовы паміж расійскім і беларускім прэзідэнтамі, палітолаг казаць не стаў. Раней, нагадаў ён, Расія выступала за максімальна хуткае ўз’яднанне дзвюх краін. Але беларускі бок аказаўся незадаволены, па‑першае, расійскай грамадскай мадэллю, па‑другое, прапаноўваемым месцам Аляксандра Лукашэнкі ў аб’яднанай дзяржаве.

«Ён, вядома, хацеў бы быць прэзідэнтам вялікай аб’яднанай дзяржавы, і пры Ельцыне ў яго былі для гэтага ўсе рэальныя шанцы, — лічыць палітолаг. — Але пры Пуціне, пры Мядзведзеве такіх шанцаў у яго няма. Вядома, што яму прапаноўвалася і пасада прэм’ер‑міністра, і віцэ‑прэзідэнта, але гэта яго не задаволіла. Ён хацеў адначасова быць і прэм’ер‑міністрам, і віцэ‑прэзідэнтам, гэта значыць «паралельным прэзідэнтам». Але Масква не гатова пайсці на гэта. Так што гэтае пытанне засталося ў падвешаным стане».

Што тычыцца праблемы розных грамадскіх мадэляў, то, з пункту гледжання С.Маркава, яна павінна вырашацца па прыкладзе аб’яднання Кітая з Ганконгам: «Адна краіна — дзве сістэмы».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0