Другая пасажырская авіякампанія можа пачаць працу ў Беларусі ў першым квартале 2016 года. Аб гэтым 30 кастрычніка на прэс-канферэнцыі з нагоды дня грамадзянскай авіяцыі паведаміў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Уладзімір Косцін.

Такая кампанія, як мяркуецца, будзе створана на базе існуючай «Гроднаавія». «Мэта стварэння — дапоўніць нашу асноўную авіякампанію «Белавія», якая ўжо даўно працуе на рынку пасажырскіх перавозак і абнаўляе парк суднаў. Ствараная авіякампанія будзе працаваць над адкрыццём новых маршрутаў і ў нейкай ступені, напэўна, будзе канкурыраваць з «Белавія», — адзначыў Косцін. 

Паводле яго слоў, на першым этапе разглядаецца магчымасць палётаў, напрыклад, з Гродна ў расійскія гарады, у тым ліку такія, як Новасібірск, Казань. Надалей паветраныя судны будуць таксама лятаць за мяжу.

«Цяпер распрацоўваецца бізнес-план, які, як плануецца, будзе гатовы найбліжэйшым часам. Папярэдне, паводле нашых разлікаў, авіякампанія можа пачаць сваю дзейнасць не раней як у першым квартале 2016 года. Падрыхтоўчы перыяд будзе звязаны як з купляй паветраных суднаў, так і з падрыхтоўкай авіяперсаналу», — сказаў кіраўнік дэпартамента па авіяцыі.

Ён таксама паведаміў, што на першапачатковым этапе да 2017 года плануецца закупка чатырох паветраных суднаў. Мяркуецца, што гэта будуць новыя расійскія лайнеры Sukhoi Superjet 100. У больш аддаленай перспектыве, да 2020 года ці пазней, мяркуецца набыць каля 10 паветраных суднаў. 

Паводле слоў дырэктара дэпартамента па авіяцыі, ужо праведзены папярэднія кансультацыі з вытворцам Superjet 100. Разглядаецца некалькі варыянтаў закупкі суднаў. З пастаўшчыком самалётаў будуць праведзены перамовы на гэту тэму, ёсць таксама магчымасць фінансавання гэтага праекта з пазабюджэтных сродкаў фонду грамадзянскай авіяцыі, з інвестыцыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый, уласныя і пазыковыя сродкі.

«Мы не будзем звяртацца па дапамогу ў бюджэт дзяржавы, бо лічым, што гэтыя пытанні можна вырашыць і без дапамогі бюджэту. Як мы спадзяёмся, калі бізнес-план будзе зацверджаны, то мы знойдзем магчымасць куплі гэтых самалётаў», — адзначыў Уладзімір Косцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?