Беларусь да 11 лістапада прыпыняе пастаўкі свініны ў Расію. Пра гэта ў чацвер на перамовах дамовіліся кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт і міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц.

Прыпыненне паставак фармальна звязанае з тым, што ў прадукцыі чатырох беларускіх мясакамбінатаў выявілі геном афрыканскай чумы свіней (АЧС). Абмежаванні датычаць астуджанай і замарожанай свініны, субпрадуктаў. 

Але ў рэальнасці гэта можа быць шантаж Расіі з мэтай змяніць пазіцыю Беларусі па ўкраінскім пытанні. І кара за рэ-экспарт сельгаспрадукцыі з ЕС у абыход расійскага эмбарга.

Як паведамляе interfax.by са спасылкай на Рассельгаснагляд, гаворка не ідзе пра забарону паставак свініны ў Расію. Дзяржветслужба Беларусі спыняе сертыфікацыю прадукцыі свінагадоўлі для расійскага рынку ў адпаведнасці з рэжымам самаабмежавання, які дзейнічае паміж дзвюма краінамі. 

Далейшыя дзеянні маюць быць узгодненыя на працоўнай сустрэчы 11 лістапада.

Геном АЧС нібыта быў знойдзены ў прадукцыі Аршанскага, Мінскага, Магілёўскага і Бабруйскага мясакамбінатаў. У той жа час гэты геном амаль гарантавана будзе прысутнічаць і ў расійскай прадукцыі з рэгіёнаў, якія зачапіла АЧС.

Раней Рассельгаснагляд уводзіў забароны на пастаўкі беларускага малака, малдаўскага віна, грузінскай мінеральнай вады і ўкраінскіх сокаў у перыяды, калі Расія ажыццяўляла палітычны ціск на гэтыя краіны, нягледзячы на высокую якасць гэтай прадукцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?