Трое сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў сябра Руху «За Свабоду», зборшчык подпісаў Уладзіслаў Кашалёў. Суд палічыў, што ён праводзіў сход жыхароў інтэрната. 

«Маразм перамог!» - пракаментаваў сайту Pyx.by прысуд першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду», адзін з лідараў «Народнага рэферэндуму» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, «суддзя Паўлоўская, абапіраючыся на паказанні сведкі Зінаіды Казлоўскай, знайшла ў дзеяннях зборшчыка подпісаў прыкметы правядзення схода жыхароў інтэрната на адным з паверхаў». «Чаго, на самой справе, не было ні ў рэальнасці, ні нават у пратаколе», - падкрэсліў Губарэвіч.

У выніку — трое сутак адміністрацыйнага арышту, адзначыў ён. Па ягоных словах, прысуд — беспрэцэдэнтны і будзе абскарджаны.

Кашалёў быў затрыманы 30 кастрычніка ў Мінску нібыта за падрыхтоўку масавага мерапрыемства.

Увечары 28 кастрычніка ў інтэрнаце аднаго з прафесійна-тэхнічных каледжаў падчас збору подпісаў за «Народны рэферэндум» яго затрымала намесніца дырэктара па выхаваўчай працы навучальнай установы і кіраўніца раённай арганізацыі «Белай Русі» Зінаіда Казлоўская. Яна выклікала міліцыю, але хлопец сышоў да прыезду нараду.

30 кастрычніка прадстаўнікі «Народнага рэферэндуму» паспрабавалі сустрэцца з Казлоўскай, каб патлумачыць незаконнаць ейных дзеянняў, але яна зноў выклікала міліцыю. Міліцыянты палічылі, што рэферэндум – гэта масавае мерапрыемства, таму зборшчык вінаваты ў арт. 23.34 (падрыхтоўка правядзення масавага мерапрыемства) КоАП. Кашалёў быў затрыманы да суда, які распачаўся 30 кастрычніка. Аднак у той дзень суддзя не здолела прыняць рашэння, і сябра Руху «За Свабоду» быў вызвалены з-пад варты. Сёння суд працягнуўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?