Міхаіл Хвастоў

Пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў заявіў у панядзелак, 17 сьнежня, што Злучаныя Штаты парушылі пагадненьне, укладзенае Беларусьсю з ЗША ў 1994 годзе. На думку беларускага дыплямата, увёўшы санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім», Вашынгтон парушыў міжнароднае права, праігнараваў свае абавязальніцтвы, узятыя ў 1994 годзе.

Міхаіл Хвастоў сказаў, што Злучаныя Штаты 13 гадоў таму ўзялі абавязальніцтвы не прымаць эканамічных санкцый супраць Беларусі ў адпаведнасьці з «мэмарандумам пра гарантыі бясьпекі», падпісаным двума бакамі.

Кіраўнік беларускай дыпмісіі нагадаў, што гэты дакумэнт быў падпісаны пасьля таго, як Беларусь пагадзілася стаць няядравай дзяржавай у рамках дамовы пра нераспаўсюд ядравай зброі. Міхаіл Хвастоў лічыць, што апошнія дзеяньні Вашынтону сьведчаць пра тое, што ЗША могуць у любы момант адмовіцца ад сваіх гарантый у пытаньнях бясьпекі.

«Гэта сьведчыць пра тое. што ў любы момант адміністрацыя Буша можа адмовіцца выконваць узятыя на сябе абавязальніцтвы ў галіне бясьпекі», — цытуе Associated Press заяву Міхаіла Хвастова.


Дэвід Крамэр

Карэн Ст’юарт

У сваю чаргу намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крамэр заявіў, што дзеяньні ЗША «цалкам адпавядаюць нашым палітычным абавязальніцтвам».

Пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт заявіла 13 сьнежня. што «ЗША гатовыя прыняць наступныя захады супраць дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі».

«Мы ня хочам падтрымліваць рэжым Лукашэнкі эканамічна», — падкрэсьліла Карэн Ст’юарт.

Пасол ЗША адзначыла, што Вашынгтон гатовы пайсьці на новыя санкцыі супраць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Намеры ЗША Карэн Ст’юарт патлумачыла тым, што беларускае кіраўніцтва парушае правы чалавека ў сваёй краіне.

Telegraf.by

Фота photo.bymedia.net

Ігар Губарэвіч: Варта пра гэты дакумэнт нагадваць

Нягледзячы на той факт, што Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі Беларусі згадваецца ў розных кантэкстах беларускімі палітыкамі й дзяржаўнымі службоўцамі, спасылкі на гэты дакумэнт апраўданыя. На думку шматгадовага беларускага дыплямата Ігара Губарэвіча, трэба нагадваць вялікім дзяржавам пра дамоўленасьці й абавязкі, якія яны ўзялі на сябе.

Ігар Губарэвіч: Пэрыядычна паяўляліся спасылкі на гэты мэмарандум. Розныя бакі рабілі гэта па-рознаму. МЗС спасылаўся на яго ў кантэксьце таго, што гэты дакумэнт дае гарантыі неўмяшальніцтва ў справы Беларусі. Апазыцыйныя палітыкі казалі, што гэта гарантыя нашай незалежнасьці. Магчыма, тое й другое правільна. Спасылацца на гэты дакумэнт апраўдана, каб дзяржавы, якія яго падпісалі, прыгадалі пра свае абавязкі. Пытаньне толькі: наколькі гэта будзе эфэктыўна ў цяпершніх умовах, калі ёсьць дзяржавы, якія не выконваюць сваіx абавязальніцтваў у рамках АБСЭ або выходзяць зь міжнародных дамоўленасьцяў, як Расея. Бо гэты дакумэнт – моцная палітычная дэклярацыя аб намерах, якая нясе толькі маральныя абавязальніцтвы. Варта пра гэты дакумэнт нагадваць, але спадзявацца лепш на ўласныя сілы, уласны народ.

На сёньняшні дзень Мэмарандум пра гарантыі бясьпекі Беларусі з 1994 году не згубіў сваёй моцы й актуальнасьці. Праўда, гэты дакумэнт зьяўляецца больш своесаблівай палітычнай дэклярацыяй, чым міждзяржаўнай дамовай. Да таго ж у сёньняшнім сьвеце, калі ня ўсе краіны выконваюць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы, трэба разьлічваць перад усім на сябе, на беларускі народ.

Польскае радыё для заграніцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0