16.00

У Курапатах, ужо калі народ разыходзіўся, без сцягоў, на хлопца і дзяўчыну наваліліся асобы ў цывільным, спрабавалі затрымаць. Але збегся народ і адбіў, ды нават суправадзілі іх дадому, бо за імі ўвесь час цікавалі людзі ў цывільным, але больш іх не чапалі. 

Гэтая пара была падчас шэсця з украінскім сцягам, тым, пэўна, і выклікала цікавасць «людзей у цывільным». 

Фота з Твітара ініцыятывы па грамадскім назіранні, што ладзіцца пры падтрымцы праваабарончых арганізацый Беларускі Хельсінкскі Камітэт і праваабаронцаў-вясноўцаў:

15.00

У Курапатах адбыўся мітынг. На ім зачыталі зварот Зянона Пазняка, у якім лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ перасцярог ад небяспекі, якая зыходзіць ад Расіі і заклікаў беларусаў быць гатовымі абараняць Бацькаўшчыну.

Выступілі два намеснікі старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі і Алесь Чахольскі. У іхніх выступах адзначалася небясьпека, гаварылася, што ўкраінская сітуацыя можа паўтарыцца.

Пасля мітынгу людзі паставілі крыжы, паставілі ля крыжоў знічкі, паклалі кветкі, павязалі на крыжы бел-чырвона-белыя стужкі.

14:33

Шэсце ў Курапаты завершана. Людзі ўскладаюць кветкі да курапацкіх крыжоў, ставяць свечкі. Паводле ацэнак арганізатараў, у шэсці ўзяло ўдзел каля тысячы чалавек. Шэсце працягвалася крыху больш за тры гадзіны. Цяпер мае адбыцца мітынг.

14:15

Калона рухаецца ўздоўж МКАД з боку горада. Шэсце мае перайсці пад МКАД па падземным пераходзе, каб патрапіць да мемарыяла Курапаты.

13.50

Людзі ў чорным паспрабавалі зняважыць сваімі выкрыкамі ўдзельнікаў шэсця. Ім адказалі дружным «Жыве Беларусь!». Арганізатары шэсця, якія сочаць за парадкам, паказалі жэстам, што няма сэнсу рэагаваць на гэты інцыдэнт.

13.17

Дэманстранты скандуюць тэкст песні «Ляпісаў» «Не быць скотам» на верш Купалы.

Фота Еўрарадыё.

Фота Еўрарадыё.

Шэсце набліжаецца да Курапатаў, ідзе ў Зялёным Лузе.

Людзі ў цывільным вядуць аператыўныя відэаздымкі, але не перашкаджаюць, ідуць побач.

13.14

«Фашысты тут ідуць, з такімі флагамі!» — абураецца жанчына ў махеравай шапцы каля гастранома. — «О, чэкістка!» — абрывае яе каля гастранома стары, які стаяў тут жа побач і пачуў нашу з ёй размову. — «Хто мне пенсію дае? Дзяржава! А яны тут са сцягамі фашысцкімі ходзяць». — «Мы самі сабе пенсію заработалі!» — абрывае яе стары, і яна баіцца працягваць.

13.00

Сярод іншых, у шэсці бяруць удзел кіраўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, арганізатары шэсця, у тым ліку намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. Тут жа ідзе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка з сям'ёй.

Удзельнічаюць і праваабаронца Валерый Шчукін, паэт Славамір Адамовіч.

12.56

«Мне шкада, што так мала людзей, трэба далучацца! Там, у Курапатах, можа і мае продкі ляжаць. Гісторыю нельга забываць», — кажа дэманстрант Андрэй Дашкевіч.

У пачатку калоны ідзе праваслаўны святар з бел-чырвона-белай харугвай. «Мой бацька таксама быў сярод рэпрэсаваных. Ён быў сасланы на Калыму, — расказвае ён. — Я памятаю першыя гады незалежнасці. Тады на «Дзяды» выходзіла шмат людзей, больш, чым цяпер. Але нам трэба браць прыклад з іншых народаў, нашых суседзяў і змагацца за сваю краіну».

Павел Севярынец расказвае, што ўпершыню прыйшоў на Дзяды ў 1995 годзе. «Тады ў шэсці бралі ўдзел каля 300 чалавек, нягледзячы на тое, што сярод іх былі і Васіль Быкаў і Зянон Пазняк. Але ўжо на наступны, 1996 год, на вуліцы выйшлі тысячы людзей», — кажа ён.

12.42

«Гэтае шэсце я лічу вельмі важным, бо з Дзядоў, з 1988 года, пачынаўся Беларускі Вызвольны Рух, які прывёў краіну да незалежнасці. Таму важна яго працягваць, каб полымя не згасала. Некаторыя мае сябры кажуць, што няма сэнсу хадзіць на мітынгі. А я, наадварот, лічу, што хадзіць на мітынгі важна. Вельмі важна! Без гэтага будзе яшчэ горш!» — упэўнены малады праграміст у скуранцы, з доўгімі валасамі. Побач з ім крочыць ягоная жонка з дзіцем.

12.27

Затрыманы грамадскі актывіст і распаўсюднік Сяржук Бахун. Разам з ім затрыманы яшчэ адзін чалавек, імя якога нам невядома. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў Сямён Печанко.

Бахун прайшоў да станцыі метро «Усход», а потым спусціўся ў метро, дзе і быў затрыманы. Магчыма, падставай паслужыў бел-чырвона-белы шалік.

Праз некаторы час С.Бахун быў адпушчаны з міліцыяй.

12.24

«Трэба шанаваць сваіх продкаў. Калі людзі забудуць сваю гісторыю, то мы будзем не народ, а народзец, як кажа адзін чалавек, — кажа нам Сяржук — хлопец у шаліку-арафатцы і кепцы. — Я рабочы, звычайны рабочы. І патрыёт, лічу сябе нацыяналістам».

12.21

«Я тут, бо гэта мой грамадзянскі абавязак. Камуністычныя рэпрэсіі супраць беларусаў нельга забываць», — кажа нам хлопец у чорным капелюшы і шэрым шаліку.

Шэсце ідзе ў Зялёным Лузе — мікрараёне на поўначы сталіцы Беларусі.

Лес Курапаты знаходзіцца, нагадаем, адразу за Мінскай акружной дарогай.

12.20

«І маіх сваякоў высылалі ў савецкі час. У Хакасію выслалі, у Сібір… Я тут, бо хачу, каб тое, што Беларусь перажыла ў 1930—40-я, ніколі не паўтарылася!» — кажа жанчына ў цёмным паліто.

Фота Еўрарадыё.

Фота Еўрарадыё.

12.18

«Сёння празнік, празнік — памінанія, — кажа нам чалавек на вуліцы, што назірае за шэсцем. — Я тожа яго помню, помню. Відзіце, я дажа нямножка выпіў сёння», — нібы апраўдваецца ён.

12.16

12.15

Моладзь скандуе час ад часу «Верым, можам, пераможам!»

12.09

«Тут ідуць у Курапаты. Мы самі на могілкі хадзілі ўчора. Гэта свята патрэбнае, важнае, раней дык увогуле было мнагалюдным. Столькі ж людзей забілі… А тут сёння адзінае, што мне не падабаецца, што крычаць «Слава Украіне!» Якая ж слава Украіне, калі там столькі народу загінула? — кажа жанчына на вуліцы Каліноўскага. — Вось гэта мне тут не вельмі падабаецца. Увогуле то вельмі малайцы што Дзяды адзначаюць. Але прычым тут Украіна? Нам трэба сваім клопатам жыць, беларускім. А ў нас тут усё нармальна. Дзякуй праэзідэнту. Я ўвогуле за яго рукамі і нагамі, як гаворыцца… Ой, а вы мяне на відэа здымаеце?» — саромеецца яна.

12.07

Маршрут ад Парка Чалюскінцаў да Курапатаў — гэта 12 кіламетраў. Не ўсе здольныя прайсці яго ад пачатку да канца. Хтосьці адыходзіць на транспарт. Хтосьці далучаецца.

Фота Еўрарадыё.

Фота Еўрарадыё.

Беларускі Хельсінскі Камітэт ацэньвае колькасць удзельнікаў шэсця ў 400 чалавек.

Павел Севярынец выказаў спадзяванне, што ў Курапатах да мітынгу далучацца і ўдзельнікі з'езда Таварыства беларускай мовы, што адбываецца сёння ў Адукацыйным цэнтры IBB.

12.06

«Пераемнасць пакаленняў, памяць, гісторыя, мова — гэта рэчы, на якіх трымаецца нацыя. Гэта рэчы, на якіх трымаецца нацыя. І калі нашы суседзі, наш братні народ перажывае такі цяжкі час — гэта адзнака салідарнасьці, тое, што тут згадваюць Украіну. Вялікая частка ўдзельнікаў — моладзь. Гэта паказвае, што Беларусь жыве», — сказаў нам Павел Севярынец, лідар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, які таксама ўдзельнічае ў шэсці.

12.03

«Хочаце тут Украіну зрабіць? Ну-ну», — прабурчэлі дзве пенсіянеркі каля метро «Усход».

12.01

«Хаджу на шэсце, бо мне важна бачыць, што мы не адны, што памяць застаецца, што мы беларусы. Раней я сам хадзіў, а цяпер ужо з сынам хаджу», — кажа ўсмешлівы малады мужчына, які прыйшоў з сынам гадоў шасці ў акулярах.

Валя і Уладзь Яроменкі таксама прыйшлі на шэсце са сваёй маленькай дачкой Арынай. «Мы хочам, каб яна прывучалася да шэсцяў, да сцягоў, да нацыянальных колераў. Каб яна мела памяць пра нашых продкаў», — кажа Валя.

11.43

«Я тут, таму што я беларус, — кажа стары чалавек з шырокай сівой барадой. — Я тут на шэсці, бо я тут нарадзіўся і жадаю шчасця сваім унукам, сваёй радзіме».

11.41

«Чаму Вы тут?» — «Сёння дзень памяці продкаў, якім мы ўсім абавязаны», — кажа малады хлопец з доўгімі валасамі.

Сярод дэманстрантаў ёсць як моладзь, так і людзі сярэдніх гадоў, і старэйшыя.

11.35

11.30

«У кожнай сям'і беларускай кожны быў рэпрэсаваны пры саветах. І ў нашай сям'і дзеда спалілі жыўцом. Спалілі на спіртзаводзе. Замкнулі дзверы на начной змене, і падпалілі, каб пасля была нагода распачаць рэпрэсіі», — расказвае інтэлігентная жанчына сярэдніх гадоў, што нясе жоўта-блакітны букет.

Ідзе яна ў самым канцы шэсця.

«У майго мужа таксама загінулі і дзед, і дзядзька, магчыма, нехта з іх ляжыць у Курапатах, — працягвае яна. — Апошняе, што было пра іх вядома, што яны былі ў турме ў Менску.

Таму мне ёсць да каго туды ісці, у Курапаты. Курапаты — гэта як сімвал нашай трагедыі. І на жаль, гэты сімвал знаходзіцца ў такім стане. Гэта бяда нашага грамадства. 

Гэты мемарыял павінен быць дагледжаны. Калі ён такім станецца, то і краіна стане іншай, станем па-іншаму жыць. 

Змяніцца павінны мы самі, нешта ў нас. Усё залежыць ад нас. А пакуль нешта з намі не так.

Матрыца пакуль застаецца, і зло плодзіцца, і плодзіцца,і плодзіцца. І зашмат зла ў нашым грамадства. Але час ідзе, чалавецтва ідзе да лепшага, таму і мы зменім нашу краіну.

А сёлета я нясу кветкі колераў украінскага сцяга, каб ушанаваць памяць нашых сяброў-украінцаў, бо там гінуць людзі за незалежнасць».

11.27

«Чаму Вы прыйшлі на Дзяды?» — «Бо я беларус і гэта мая культурная спадчына. Дзяды, 25 Сакавіка — гэта святы, якія павінны ведаць усе беларусы», — адказвае мужчына сярэдніх гадоў у шэрай шапцы.

11.23

Чатыры крыжы нясуць дэманстранты ў Курапаты гэтым разам.

11.20

Людзі спяваюць таксама «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

11.15

Чаму Вы тут з украінскім сцягам? — пытаемся мы ў мужчыны. «Гэта салідарнасць», — коратка адказвае ён.

11.10

Дэманстранты скандуюць «Жыве Беларусь!». Але сёлета дружна скандуюць таксама «Слава Украіне» — «Героям слава». Праспявалі беларускі гімн «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча.

Фота Еўрарадыё.

Фота Еўрарадыё.

11.05

2 лістапада ў Мінску адбываецца традыцыйнае шэсце ў Курапаты і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў. Акцыю арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі ўсёй грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

Аб 11.00 некалькі соцень чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі рушылі ад будынку Мінскага гадзіннікавага завода (метро «Плошча Чалюскінцаў»). Сярод беларускіх сёлета ёсць і два ўкраінскія сцягі.

Дэманстранты скандуюць «Жыве Беларусь!». 

Шэсце пройдзе ў Курапаты па маршруце: пр-т Незалежнасьці — вул. Каліноўскага — вул. Сядых — вул. Карбышава — вул. Гамарніка — вул. Мірашнічэнкі — МКАД.

А 14.30 мае распачацца мітынг у Курапатах.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?