Як птушкі з заблуканай чарады,
З дажджамі прылятаюць успаміны:
Сябры мае цяпер ужо Дзяды,
Я ў лістападзе клікаць іх павінна.
Я памятаю вочы і хаду,
Як усміхаўся, слоўцы і мянушкі,
Няўмольна папаўняюць чараду
Мая туга, мае ўспаміны-птушкі.
Пакуль жыву, я буду клікаць іх,
Не верачы ў апошняе растанне,
Маіх сяброў — любімых і жывых.
Паклічце іх, калі мяне не стане.