Eurofighter Typhoon у Іспаніі. Фота military-today.com.
У кармавой частцы знішчальніка Eurofighter Typhoon спецыялісты выявілі дэфекты, якія абмяжоўваюць рэсурс баявога выкарыстання машыны, паведаміла Міністэрства абароны ФРГ, піша сайт defensenews.com.
Памылкі вытворцы пры найгоршым збегу абставінаў могуць прыводзіць да таго, што корпус знішчальніка ў палёце можа разваліцца напрыканцы рэсурсу выкарыстання.
З гэтай прычыны Берлін у два разы скарачае тэрмін знаходжання гэтых знішчальнікаў у паветры.
Паведамляецца, што Каралеўскія паветраныя сілы Вялікабрытаніі першымі заўважылі праблему і таксама вырашылі скараціць колькасць лётных гадзін для Eurofighter.
Вытворца шматмэтавага знішчальніка — эўрапейскі кансорцыум, які складаецца з гігантаў аэракасмічнага сектару: Airbus, ВAE Systems і Finmeccanica. Усяго было пабудавана да кастрычніка 2014 году 418 машын. Кошт кожнай з улікам выдаткаў на распрацоўку — амаль $200 мільёнаў.
ФРГ і Брытанія ўжо скарацілі свае замовы на Eurofighter у два разы, таксама праект прайграў некалькі тэндэраў на экспартныя кантракты, таму Airbus папярэджваў, што вытворчасць машыны можа быць спыненая ў 2018 годзе.
Таксама гэтыя знішчальнікі выкарыстоўваюцца Іспаніяй, Італіяй, Аўстрыяй, Саўдаўскай Аравіяй, Аманам.
Летам 2014 году іспанскі Eurofighter разбіўся, пры гэтым загінуў пілот. Прычына аварыі невядомая.