Лёс Беларусі — далучыцца да Рады Еўропы (РЕ). Такое меркаванне выказаў кіраўнік дырэкцыі па палітычных пытаннях РЕ Аляксандр Гесэль 3 лістапада на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Страсбургу. 

Тут сёння адкрыўся трэці Сусветны форум у падтрымку дэмакратыі, арганізаваны РЕ. У ім удзельнічаюць прыблізна 1.200 прадстаўнікоў 80 краін — палітычныя лідары, дэпутаты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і СМІ. 

Гесэль адзначыў, што кантактаў паміж РЕ і Беларуссю вельмі мала. «Мы дрэнна ведаем вас, вы нічога не ведаеце пра нас. Але ствараюцца перадумовы для таго, каб развіваць кантакты», — сказаў ён. 

Беларусь, падкрэсліў Гесэль, — адзіная еўрапейская краіна, якая не з'яўляецца членам Рады Еўропы. Але беларускае членства ў РЕ толькі пытанне часу, перакананы ён. «Гэтае пытанне займае нас апошнія 20 гадоў, і зараз ніхто не можа даць на яго адказ. Залежыць гэта ад суб'ектыўных і аб'ектыўных момантаў», — сказаў кіраўнік дырэкцыі па палітычных пытаннях РЕ. 

Гесэль адзначыў, што статус Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы цяпер не ясны. «У перакладзе на рускую мову гэта гучыць прыблізна як «статус спецыяльнага запрошанага, але часова замарожаны». Статус спецзапрошанага ў любы момант можа быць вернуты Беларусі — для гэтага неабходнае жаданне абодвух бакоў», — заявіў ён. 

Гесэль таксама дадаў: «Мы ўсе павінны разумець, што Беларусь — незалежная дзяржава, у якой павінна быць як мінімум жаданне далучыцца да нас. Не ўпэўнены, што Беларусь на ўсе 100% хацела б атрымаць і гатовая атрымаць паўнавартасны статус у Радзе Еўропы. Для гэтага неабходныя пэўныя захады з боку ўлад, на якія цяпер вельмі цяжка пайсці». 

Паводле яго слоў, 20 гадоў таму пайсці на далучэнне да РЕ для Беларусі было значна прасцей, чым цяпер, калі ўсе краіны-суседзі з'яўляюцца членамі гэтай арганізацыі і ў Беларусі ёсць прыклады ў тым ліку і негатыўных момантаў ад членства ў Радзе Еўропе. 

У першую чаргу, сказаў Гесэль, гэта Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ), які «вісіць над уладамі ўсіх краін-членаў». «Гэты суд — небяспечная штука, бо гэта незалежны суд, яго нельга купіць, з ім нельга дамовіцца. Там сядзяць вельмі прыстойныя людзі, якія прымаюць рашэнні ў строгай адпаведнасці з міжнароднымі і нацыянальнымі законамі. І гэта тое, што адчулі на сабе ўсе краіны-члены. Ні ў адной краіны няма поўнай любві з судом, у дачыненні да кожнай краіны разглядаліся справы», — заявіў ён. 

Паводле слоў Гесэля, ЕСПЧ дае магчымасць атрымаць справядлівае рашэнне па справе, але адначасова гэта і рызыка. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з Расіяй. Ён нагадаў, што нядаўна ЕСПЧ абавязаў Расію выплаціць 1,9 млрд. еўра па справе «ЮКАСа». «Зразумела, у Расіі гэта выклікала вялікую незадаволенасць, таму што гэта вельмі дорага [быць прыгавораным да такой кампенсацыі] за свае ж узносы ў РЕ. З іншага боку, два гады таму той жа суд вынес рашэнне, што Міхаіл Хадаркоўскі не з'яўляецца палітзняволеным, — і тады Расія была задаволеная», — нагадаў Гесэль. 

Зрэшты, адзначыў ён, «калі жыць больш-менш сумленна, суд нікому не перашкаджае». «А часам і дапамагае, — падкрэсліў Гесэль. — Дагэтуль ніводная з 47 краін не вырашыла выйсці з РЕ, хоць некаторых з іх (Расію і Азербайджан) вельмі моцна зараз крытыкуюць. Знаходжанне ў РЕ — гэта прыналежнасць да еўрапейскай сістэмы каштоўнасцяў, а гэта немалаважна». 

«Беларусь далучылася да некаторых нашых канвенцый. Гэта хай і маленькія крокі, але яны ў правільным напрамку. Беларусь абавязкова будзе членам Рады Еўропы. І будзе прасцей, калі да таго часу ўжо будзе напрацаваная нейкая база», — сказаў Гесэль. 

На яго думку, і Беларусі, і Радзе Еўропы сёння «вельмі важна зламаць сцяну недаверу, якая існуе з абодвух бакоў». «І гэта зойме нейкі час», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?