Ніхто для Беларусі не будзе ствараць ільготных умоў для ўваходжання ў Раду Еўропы. Аб гэтым заявіў дырэктар стратэгічнага планавання РЕ, пасол Пётр Святальскі 4 лістапада на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Страсбургу. 

«У беларускага кіраўніцтва пакуль няма палітычнай волі выканаць патрабаванні, звязаныя з членствам у Радзе Еўропы, але льготных умоў для Беларусі ніхто ствараць не мае намеру. Яна будзе разглядацца як і ўсе астатнія краіны», — сказаў еўрадыпламат. 

Ён адзначыў, што са снежня 2010 года няма ніякага пазітыўнага развіцця супрацоўніцтва Беларусі і РЕ, пры гэтым падкрэсліў, што членства ў арганізацыі «карыснае для дзяржавы». 

«Не лічу, што для аблічча дзяржавы добра быць адзінай краінай у Еўропе, якая не ўваходзіць у Раду. Гэта дрэнна адбіваецца на іміджы, — упэўнены Святальскі. — Але вам трэба самім больш актыўна дзейнічаць у плане развіцця супрацоўніцтва з РЕ. У Рады Еўропы вельмі шмат іншых праблем. Праца з краінамі-не членамі ідзе, але яна далёка не на першым месцы на парадку дня.» 

Палітык адзначыў, што ўсе краіны — члены РЕ разумеюць, што стаяць у адзінай еўрапейскай сям'і. 

«Вядома, Беларусь мае права на выбар і мае права на пазіцыю «мы не хочам быць з усімі — мы хочам адны стаяць у куце». Але пытанне, у імя якой стратэгічнай мэты выбіраецца адзінокае стаянне ў куце? Я гэтага не разумею», — заявіў Святальскі. 

Пры гэтым ён падкрэсліў, што вельмі многія цяпер мяркуюць, што ў Азербайджане, які ўваходзіць у Раду Еўропы, палітычных свабод значна менш. «Але яны вырашылі, што хочуць быць членамі РЕ, і хоць іх вельмі рэзка крытыкуюць, выходзіць з арганізацыі не маюць намеру. І я не магу зразумець, чаму беларускія ўлады лічаць, што лепш не быць у Радзе Еўропы», — сказаў пасол. 

Ён адзначыў, што ў беларускім грамадстве ніколі не было адкрытага абмеркавання выгад і страт ад паўнацэннага членства ў РЕ. Прадстаўнік арганізацыі мяркуе, што дзяржава ўстрымліваецца ад уваходжання ў Раду Еўропы з-за наяўнасці вялікай колькасці спраў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека. 

Аднак, падкрэсліў ён, ва ўсіх краін пры ўваходжанні ў Раду Еўропы ў першыя 10 гадоў назіраўся вялікі рост колькасці зваротаў у ЕСПЧ, але потым іх станавілася менш. 

«Лічу, што большасць беларусаў былі б «за» далучэнне да Рады Еўропы. З усіх міжнародных інстытутаў менавіта ён, з пункту гледжання простага чалавека, — самая карысная арганізацыя, бо праз свае канвенцыі сочыць за выкананнем правоў чалавека ў краінах-членах», — сказаў Святальскі. 

Ён нагадаў, што цяпер у адносінах паміж Беларуссю і Радай Еўропы стаяць дзве асноўныя праблемы: прымяненне смяротнай кары і наяўнасць палітзняволеных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?