Глеб Лабадзенка, журналіст, паэт і выкладчык курсаў «Мова Нанова» (бясплатныя курсы беларускай мовы) стаў праводзіць аўтарскія экскурсіі па Беларусі. Ужо адбыліся вандроўкі па месцах Быкава і Барадуліна, да Радзівілаў у Нясвіж.

У гэтую пятніцу чакаецца праграма «Мова Нанова запрашае да князя Альгерда», а 27 снежня калядная экскурсія да Міцкевіча. Мы паразмаўлялі з Глебам наконт асаблівасцей і пераваг аўтарскага падыхода да экскурсійных праграм.

– Скажыце? калі ласка, экскурсіі – гэта своеасаблівы працяг «Мовы Нанова» ці канкрэтна ваша асабістая дзейнасць?

– Да нас паступіла прапанова ад турыстычнай кампаніі «Віяполь» ствараць экскурсійныя праграмы. І мы, на курсах «Мова нанова», успрынялі яе з энтузіязмам. Бо для нас гэта наступная магчымасць пашырыць сферу ўжывання мовы.

Як высветлілася, людзі запісваліся на экскурсіі ў тым ліку і для таго таго, каб паслухаць іх на беларускай мове. Зразумела, што ў Нясвіжы, напрыклад, куды мы ездзілі, многія бывалі. Але, па-першае, экскурсіі былі на роднай мове, а, па-другое, можна было ўбачыць даваенныя фотаздымкі Радзівілаў, якія я збіраю. Людзі атрымалі, не ведаю, ці цікавую, але дакладна адметную экскурсію.

– Каго цікавяць экскурсіі? Усё ж такі на курсы «Мова Нанова» ў асноўным прыходзіць моладзь, тое самае з маршрутамі?

 На экскурсіі збіраецца старэйшая аўдыторыя. Моладзь вельмі часта не мае грошаў. Курсы ўсё ж бясплатныя, а кошт экскурсій вызначае турфірма. Цяперашняя, напрыклад, на цэлы дзень, каштуе 370 тысяч, але для студэнтаў курсаў прадугледжаны зніжкі. Вельмі прыемна, што прыязджаюць людзі з другіх гарадоў. У мінулы раз былі турысты з Жодзіна, Бабруйска.

– На вашу думку, ці магчыма зрабіць некаторыя экскурсія і маршруты больш папулярнымі за кошт аўтарскага падыходу? Ці магчыма такое, што турысты будуць ехаць, каб паслухаць канкрэтнага чалавека, а не дзеля месца?

– Я перакананы, што гэта магчыма. Я вось, напрыклад, ужо шмат дзе бываў. І мяне можа прывабіць экскурсія, только калі яе праводзіць вельмі цікавы для мяне гід. Напрыклад, Сяргей Харэўскі, знаўца нашай архітэктуры. Я ведаю, што ён раскажа цікава, не нудна.

Таму і атрымліваецца, што аўтарскія экскурсія асабліва цікавыя для тых, хто ўжо шмат пабачыў. На нашых экскурсіях высвятляецца, што многія ўжо шмат дзе пабывалі з турыстычнымі групамі. А да нас яны далучаюцца, бо спадзяюцца пачуць адметныя цікавосткі. Калі я рыхтуюся, стараюся глядзець не толькі афіцыйныя крыніцы, але і шмат іншых. У тым ліку выкарыстоўваю байкі, што чуў ад мясцовых людзей. Бо на месцах, дзе праводжу экскурсіі, ужо шмат разоў бываў. І ўсё гэта цікава людзям.

Мала расказаць, што касцёл пабудаваны ў такім-та годзе. Трэба некуды спусціцца, некуды падняцца, пашукаць нешта таямнічае, паказаць тое, што звычайна не ўключаецца ў маршруты.

– Раскажыце, што чакаецца на маршруце ў гэту пятніцу?

– Маршрут «Мова Нанова запрашае да князя Альгерда» пачнецца з касцёла XVIII ст у вёсцы Беніца Маладзечанскага р-на. Ён не часта ўключаецца ў экскурсіі. Гэта агромны касцёл, які стаіць ў маленечкай вёсцы і выглядае занядбаным. Але, калі заходзіш унутр, бачыш пабелены касцёл з роспісамі на купале. Чаму гэта варта паказваць? Каб людзі пабачылі, у якім стане што захоўваецца.

У кожнай экскурсіі ў нас ёсць галоўны аб’ект. На гэтым маршруце гэта Крэўскі замак. Пасля яго мы заязджаем у ў Гальшанскі замак. Мы не хацелі ставіць разам два такія вялікія аб’екты, але ўлічваючы, што Гальшаны ў нас па дарозе, вырашылі заехаць. Потым таксама Трабы, Іўе – горад 4 рэлігій, Ліпнішкі, касцёл з мазаікамі ў Суботніках, і завяршаецца ўсё ў Жамыславе. Там стаіць агромны палац Умястоўскіх, які пабудаваў прыхільнік апошняга караля Рэчы Паспалітай. Гэты палац – крыху зменьшаная копія варшаўскага палаца ў Лазенках. Нават мэбля для палацаў заказвалася на адной фабрыцы.

27-га снежня паедзем у Наваградак і Завоссе – пабачым два музеі Міцкевіча, паглядзім замкі ў Наваградку і ў Любчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?