У пракуратуру Цэнтральнага р-ну Менску

          Вусёнка Канстанціна Андрэевіча,

          што пражывае на адрасе: г.Менск, вул. .

Заява

22 сакавіка 2006 г., а 18-й гадзіне, ля ўваходу ў мэтро «Кастрычніцкая» я, Вусянок Канстанцін Андрэевіч, быў затрыманы работнікамі міліцыі. Пры затрыманьні міліцыянты не назваліся і прычынаў затрыманьня не патлумачылі. Мяне завялі ў фургон спэцаўтамабіля МАЗ, што знаходзіўся за будынкам Палацу Рэспублікі на плошчы «Кастрычніцкая». У фургоне знаходзіліся тры работнікі міліцыі ў форме палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня (ПМСН) ГУУС Менгарвыканкаму. Адзін з прысутных работнікаў міліцыі пачаў зьбіваць мяне, наносячы ўдары ў грудзі. На мае просьбы спыніць проціпраўныя ўчынкі ён не рэагаваў, працягваючы зьбіваць. Затым ён сарваў зь мяне майку, запіхваў яе ў рот, загадваючы яе зьесьці. У выніку ў мяне была парвана аброцька языка. Усе гэтыя зьдзекі суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі. Пасьля гэты работнік міліцыі зрабіў дагляд маіх асабістых рэчаў, што ляжалі ў сумцы. Знайшоў там інструмэнты цырульніка і спытаў мяне, нашто яны мне. Я адказаў, што раблю цырульнікам у адным з салёнаў Менску. У адказ работнік міліцыі заявіў, што зараз зробіць стрыжку. Ён ўзяў нажніцы і састрыг мне пасму валасоў на галаве. Гэтыя зьдзекі таго работніка міліцыі чыніліся ў прысутнасьці іншых міліцыянтаў, каторыя ніякім чынам не рэагавалі на падзеі. У машыне ў той момант таксама знаходзіліся іншыя затрыманыя. Пазьней мяне даставілі ў памяшканьне аб’яднанага спэцыяльнага прымальніка-разьмеркавальніка ГУУС Менгарвыканкаму. Пры паступленьні ў спэцпрымальнік я зьвярнуў увагу работнікаў міліцыі на факт майго зьбіцьця прадстаўнікамі ПМСН, аднак яны адмовіліся зафіксаваць той факт.

Пазьней пастановаю суду я быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці паводле ч.1 арт.167 КоАП і асуджаны на 10 сутак.

У адпаведнасьці з вынесенай судом пастановай, рапарты пра маё затрыманьне былі ўкладзеныя работнікамі міліцыі А.Воранам і С.Хатамавым. На судовае паседжаньне іх не выклікалі і ў якасьці сьведкаў не апытвалі. Я ня пэўны, ці гэта менавіта тыя работнікі міліцыі, што мяне затрымлівалі і зьбівалі і зьдзекваліся зь мяне. Тым часам у мяне ёсьць фатаграфія работніка ПМСП, які зьбіваў мяне.

У зьвязку з гэтым, кіруючыся Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пракуратуры», я прашу:

1. Ініцыяваць пракурорскую праверку прыведзеных мною фактаў;

2. Распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да работніка міліцыі, які дапусьціў перавышэньне службовых паўнамоцтваў, і прыцягнуць яго да прадугледжанай законам адказнасьці;

3. Выдаць мне накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу.

К.А.Вусянок

(17K)

«Тым часам у мяне ёсьць фатаграфія работніка ПМСП, які зьбіваў мяне». Па словах Канстанціна Вусёнка, міліцыянт, які яго зьбіваў, – зьлева на здымку. Той, які справа, падпісваў пратакол

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0