Штучнае святло аперацыйнай раздражняла і муляла вочы. Старая санітарка вадзіла анучай па чорнай абіўцы крэсла, трымаючыся за металёвую падстаўку для каленяў і нешта мармычучы сабе пад нос. Леваруч ад яе, за столікам, завіхалася тоўстая медсястра, распакоўваючы бліскучыя пакункі з інструментамі і рыхтуючы ін’екцыі. За ёй ля шафы з расчыненымі дзверцамі стаяла маладая дакторка. Яна выбірала сабе празрысты фартух і прымярала акуляры. Дзверы адчыніліся, і з цемры калідора выйшлі дзве дзяўчынкі ў халатах і белых каптурыках з маскамі на тварах. Абедзве былі крыху маладзейшыя за дакторку ў акулярах.

— Добры дзень. Мы студэнты на практыцы, і хацелі б …

— Ясна, — абарвала іх тоўстая медсястра, — станьце каля сценачкі і назірайце, хутка ўжо пачнем, толькі не замінайце доктару. Вы лепш скажыце: ці сядзяць там на калідоры нашы жанчынкі?

— Так. Сядзяць і многа.

Медсястра ўзяла жоўтымі пальцамі гісторыі хваробы і сваім ці то фарынгітным, ці то пракураным голасам мовіла:

— Лепш не стойце дарэмна, ідзіце і паклічце пацыентку Данілюк.

Але дзяўчаты нікуды не выходзілі, яны былі тут першы дзень і яшчэ не маглі сябе паводзіць так вольна, як медсястра, якая ім здалася мацёрай тут.

Раптам расчыніліся дзверы, і ў маніпуляцыйную ўвайшоў худзенькі, крыху ссутулены малады анестэзіёлаг. Дзеля прыліку ён абыякава прывітаўся і апусціў вочы долу. Ён чакаў работы.

— Сяргей Пятровіч, мы ўсе вас ужо зачакаліся — ну майце сумленне, дзе ж вы бадзяецеся, — тарахцела медсястра, але не паспела скончыць, бо дзверы зноў расчыніліся.

На парозе стаяла зусім маладая жанчына ў цёмна-чырвоным, амаль барвовым халаце. Яе русыя валасы былі сабраныя ў куклу, выдаючы нейкую дзіўную выпнутасць ілба.

— Вы Данілюк? — спыталася медсястра

— Так.

— Не стойце на парозе, заходзьце і скідвайце халат. Ці, можа, перадумалі? У нас і без вас зашмат работы, а вы яшчэ вагаецеся.

— Жанчына, кладзіцеся, — анестэзіёлаг нарэшце пераняў эстафету і працягнуў: — Алергія, сутаргавы сіндром, эпілепсія — мо штось з гэтага маеце?

Маладзіца здымала халат, затым чырвоныя карункавыя майткі і адмоўна вадзіла галавою. Яна неяк паволі, быццам кульгаючы, ішла да крэсла, на якое ёй указвала старая санітарка сваёй анучай.

— Оздзі-во, сюды лажыса, мая дзеўчына, — крактала санітарка, працягваючы вадзіць анучай па невялічкіх шафках з хірургічным рыштункам.

Пацыентка, скрывіўшы вусны, быццам ад гаркачэчы, села на крэсла і затым паклала ногі на металёвыя жалабы.

Пакуль яна рыхтавалася, анестэзіёлаг аглядаў цёмны калідор. На ўслонах сядзелі розныя жанчыны: маладзіцы, кабеты, цёткі, старэйшыя і маладзешныя, вясковыя і гарадскія. Усе яны ўтваралі сабой каманду, адзін гулец якой увайшоў на поле і праходзіць адмысловае выпрабаванне.

— Ну і работы ў вас сёння! А я пасля сутак, выспацца мне ўжо не наканавана, — праціраючы акуляры, гаварыў Сяргей.

— Ну, вы скажаце, вы проста ў нас яшчэ не працавалі, для нас гэта яшчэ мала. Гляньце на Маргарыту, яна толькі першы год працуе, а ўсё ўжо без старэйшых дактароў робіць і не наракае.

Маргарыта, малады акушэр-гінеколаг, завіхалася з практыканткамі. Яна часу дарэмна не губляла, а паказвала практыканткам асновы похвавага даследавання. Практыканткі адна за адной зазіралі ў тое самае месца, адкуль паходзіць чалавечы род, і слухалі, як правільна «ўваходзіць люстэркамі», санітарка ціхмяна стала ў куце,нешта мармычучы.

— Не перадумалі? — Маргарыта, паглядаючы на студэнтак, усмешліва пыталася.

Дзяўчына, разумеючы пытанне, адмоўна пахітала галавой, заплюшчыла вочы і моцна сціснула сківіцы — медсястра ўводзіла лякарства. Цела рабілася нерухомым, апроч ступняў, якія вымалёўвалі ў прасторы дзівосныя кругі малой аплітуды і інтэнсіўнасці. Калі падрыхтоўка скончылася, дзяўчына на імгненне зірнула на выхаду, а затым прымружылася.

Анестэзіёлаг глядзеў на гадзіннік і нешта лічыў, затым глянуў на дзяўчыну і станоўча кіўнуў галавой дакторцы:

— Можаце пачынаць!

Прыняўшы гэтыя словы да дзеяння, доктарка адхіснулася ад кален дзяўчыны, за якія трымалася, размаўляючы са студэнтамі:

— Да якога тэрміну можна аборт рабіць выскабліваннем? Што, не ведаеце? Чаго маўчыцё? — выбіраючы патрэбны інструмент, мовіла дакторка.

Дзве практыканткі моўчкі пазіралі на хірургічны рыштунак. Яшчэ зусім не абазнаныя ў гінекалогіі, яны няўцямна разглядалі металёвыя палачкі рознай формы і даўжыні. Адну з іх, больш падобную на вязальную спіцу, дакторка ўзяла ў рукі.

— Ну што, не ведаеце? — дакторка ўхмыльнулася. — А гэта што? — трымаючы спіцу перад сабой, пыталася ўрач і, не чакаючы адказу, працягвала: — Гэта зонд, якім даўжыню маткі правяраюць.

Затым яна ўзяла прылады, падобныя да нажніц, і заціснула імі губы шыйкі маткі і мовіла студэнтцы, якая стаяла праваруч:

— Трымай, будзеш маім першым асістэнтам. Галоўнае, не варушыцца і не дрыжаць.

Спіцай увайшла ў матку, праверыўшы яе на даўжыню. Затым пачала ўторкваць металёвыя палачкі, спачатку вузейшыя, затым больш шырокія.

— Гэта пашыральнікі Гегара, трэба ж нам пашырыць канал, каб выскрабці ўсё дашчэнту.

Пацыентка ляжала ціха, анестэзіёлаг «спаў галавой», медсястра назірала, а санітарка гугнявіла штосьці ў куце, узнікала адчуванне, што яна малілася. Дакторка ўзяла кюрэтку, якая таксама нагадвала спіцу, але мела на канцы вострую закраіну, якой можна было зразаць і выскрабаць усё непатрэбнае і непажаданае.

— Ну, дзеці, пачынаем. Толькі трымайце люстэркі і шчыпцы цвёрда, а то матку і пратнуць можна.

«Плюх — плёх —плюх» — рэчыва сцякала ўніз па металёвай паверхні і плюхалася ў бліскучае ёмішча. Рука ў пальчатцы спрытна выскрабала металёвай пятлей-кюрэткай усё, на што натыркалася. Усё, што лічыла лішнім. Далёка не ўся крывавая маса трапляла ў ёмішча, значная частка яе заставалася на сцёгнах, на полавых губах.

— Ай, ая-яй… — застагнала пацыентка.

— Трымайце яе, Валянціна Іванаўна, мне ўсё ж яшчэ працаваць, — высокім,пісклявым галасочкам прасіла доктарка медсястру.

Тоўстая няўклюдная медсястра навалілася ўсім целам на калені пацыенткі, дастала ручнік, махры якога тырчалі з кішэні халата і акрыла ім яе рот.Доктарка між тым працягвала.

Рудыя кудзеркі валасоў вытыркаліся з-пад высокага белага каптурыка, а даўгаваты нос як бы паўтараў рухі рукі, якая кругам хадзіла, па матцы кюрэткай. Крыху высунуты язык выдаваў ейную засяроджанасць. Доктарка працавала першы год. Аборт быў таксама для яе першым, і яго трэба было выканаць бліскуча. Не схібіць перад калегамі, якія стаялі побач і назіралі.

Пацыентка працягвала рухаць сцёгнамі і стагнаць. Асабліва гучна — калі пятля ўваходзіла глыбей. Яна была без прытомнасці, але раз-пораз расплюшчвала вочы і выкрыквала нешта невымоўнае. Медсястра трымала яе.

— Сяргей, ну зрабіце што-небудзь з гэтай крыкухай, яшчэ крыху — і я заканчваю.

Анестэзіёлаг шапнуў нешта сястры, і тая пачала запраўляць укол. Рукі паненкі былі разведзеныя шырэй за сцёгны, яна была што ўкрыжаваная. Ейныя стогны нагадвалі калыханні маятніка, яны то ўзмацняліся, сягаючы найвышэйшых частотаў, то паніжаліся.

 Між тым рэчыва пачынала радзець і ўтварала бурбалкі, падаючы на бочкападобны латок. Рухі сталі шырэйшымі, вальнейшымі. Дакторка выскрабала апошняе.

— Студэнты, ці чуеце скрып палазоў? Гэта значыць — канец. Прыехалі! — мовіла яна і, зняўшы завэзганы крывёю фартух, неахайна кінула яго ад сябе ў кут, да іншых брудных ануч.

Дакторка трыумфавала. Яе вочы загарэліся радасцю і ўпэўненасцю. Яна накіравалася да выхаду.

— Ну што, хадзем гісторыю хваробы пісаць, ад пісаніны нас ніхто не вызваляў.

На калідоры стаяў стол з гісторыямі хваробаў, за які паселі маладыя медыкі.

— І трэба ж так, такое супадзенне! Рабіла аборт поўнай цёзцы — Данілюк Маргарыце Алегаўне — і з года майго, 1991. Ну і бывае ж. І першая ейная цяжарнасць, і, дарэчы, мой першы першы ў жыцці аборт.

З вялікай аперацыйнай выйшла загадчыца аддзялення. Толькі што з аперацыі, струджаная, але шчаслівая добрым сыходам, яна прывітала маладую калегу.

— Як справы, Рытка, усё ўдалося?

— Так, Зінаіда Георгіеўна, за 10 хвілін усё выскрабла.

— Што ж, віншую, баявыя хрэсьбіны ты ўжо прайшла. А вам, студэнты, ці спадабалася ў нас?

Практыканткі моўчкі паківалі галовамі. Ім карцела ўжо ісці дадому.

— Роўна праз год вы прыйдзеце да нас і будзеце рабіць тое ж, што і мы, а пачнеце вы з аборту. Добра, на сёння для вас усё, бяжыце, дзяўчаткі, вашы кавалеры ўжо змарнелі без вас. Толькі на прэзерватывы не забудзьцеся, каб нашымі пацыенткамі не стаць, — грубым голасам весела выдавала дасведчаная загадчыца аддзялення.

Усе выбухнулі рогатам. Не смяялася хіба што старая санітарка, якая ад вялікай колькасці гадоў не ўсё і дачула. Тым часам дзяўчына ў аперацыйнай апрытомнела. Гэта заўважыла старая і пакрысе пакульгала па яе. Галоўны абавязак санітаркі — суправаджаць пацыентак назад у палату. Праз хвіліну дзяўчына саступіла месца другой жанчыне ў чарзе на аборт, якая чакала на калідоры. Дзяўчына абхапіла старую за шыю, і яны ціхенька пакрочылі. Дзяўчыну вадзіла ў косікі, яна хісталася, бо ўсё яшчэ была пад уздзеяннем лекаў. Але старая мужна і ўстойліва вяла яе да палаты. Яна не заўважала і, канечне, не магла адчуваць крыві, якая цурком збягала па сцёгнах, яна не бачыла чырвоных плямаў на падлозе.

— Стойце, — крыкнула медсястра. І, узяўшы белы ручнік, мокры ад возгаў і слёз, што прынесла з сабой пацыентка, бегла да дзяўчыны і санітаркі.

— Сямёнаўна, на, прасунь ёй між сцёгнаў, бо кроў ідзе, — сказала медсястра і пабегла назад, рыхтавацца да чарговай працэдуры.

Дзяўчына больш не плакала, яна ціхенька падсмейвалася і нешта мармытала, гледзячы на старую. Ручнік чырванеў, ужо амаль не было адрозненняў паміж яго колерам і колерам халата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0