Беларуская чыгунка адкрыла продаж білетаў на цягнікі ў напрамку Нацыянальнага аэрапорта Мінск, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

Білеты на цягнікі, што ажыццяўляюць перавозкі ад станцыі Мінск-Пасажырскі да прыпыначнага пункта Нацыянальны аэрапорт Мінск, можна набыць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў пунктах афармлення праязных дакументаў БЧ, уключаючы плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання. Два такія тэрміналы былі ўстаноўлены на другой платформе станцыі Мінск-Пасажырскі, з якой штодзень будуць адпраўляцца цягнікі ў аэрапорт. Спецыялісты адзначылі, што для ўсіх тэрміналаў была распрацавана новая версія праграмнага забеспячэння і зменены інтэрфейс экранаў, на якіх з'явілася кнопка «У Нацыянальны аэрапорт Мінск».

Праязныя дакументы ў аэрапорт можна купіць за 10 сутак да адпраўлення цягніка. Акрамя таго, у дзень адпраўлення набыць білет магчыма непасрэдна ў цягніку ў білетных касіраў або праз плацежныя тэрміналы самаабслугоўвання, устаноўленыя ў аэрапорце.

Кошт адной паездкі да аэрапорта ад станцыі Мінск-Пасажырскі складзе Br25 тыс., ад станцыі Смалявічы - Br14 600.

Як паведамлялася, рух пасажырскіх цягнікоў па маршруце «Станцыя Мінск-Пасажырскі - Прыпыначны пункт Нацыянальны аэрапорт Мінск» БЧ адкрые ў тэставым рэжыме 7 лістапада. У гэты дзень сучасны трохвагонны дызель-цягнік зробіць у аэрапорт два рэйсы. З 8 лістапада па новым маршруце будуць штодзень курсіраваць 5 пар такіх цягнікоў. Па маршруце руху прадугледжаны адзін прыпынак у Смалявічах.

Праезд ад прыпыначнага пункта Нацыянальны аэрапорт Мінск непасрэдна да аэрапорта будзе ажыццяўляцца на аўтобусе. Агульны час у дарозе з улікам перасадкі зойме амаль 70 хвілін, з іх 55-56 хвілін прыпадае на праезд чыгункай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?