Распрацаваны для марской авіяцыі варыянт найноўшага амерыканскага знішчальніка F-35 упершыню прызямліўся на палубу авіяносца «Німіц» 3 лістапада пасля пяці год выпрабаванняў, паведаміў афіцыйны сайт флоту ЗША.
F-35C пачынае заход на пасадку.
Цяпер пілоты яшчэ шмат разоў будуць адпрацоўваць узлёты і пасадкі на авіяносец, каб ва ўсіх падрабязнасцях ведаць, як паводзіць сябе F-35C падчас гэтых дзеянняў. Таксама будуць адпрацоўвацца аперацыі па тэхнічным абслугоўванні машынаў на караблях.
Плануецца, што машына будзе гатовая для серыйнай вытворчасці і перадачы ў войскі ў 2018 годзе.
Існуюць тры асноўныя мадыфікацыі Lockheed Martin F-35 Lightning II (поўны назоў самалёта) — F-35А (для звычайнай наземнай авіяцыі), В (для Корпуса марской пяхоты) і С (палубны знішчальнік). F-35В адрозніваецца здольнасцю да выкарыстання кароткіх узлётных палосаў, а таксама да вертыкальнага ўзлёту і пасадкі.
«Марскі» F-35С (злева) звонку адрозніваецца ад звычайных F-35 большым памерам крылаў.
F-35 — шматмэтавы знішчальнік 5 пакалення, асноўнымі рысамі якога з'яўляюцца выкарыстанне тэхналогій зніжэння заўважальнасці машыны, высокая манэўранасць, інтэграваная тактычная камп'ютарная сістэма.
«Прыпаркаваныя» на палубе авіяносца стэлсы.
Адзінай краінай, якая мае серыйны самалёт 5 пакалення на ўзбраенні, з'яўляюцца ЗША. У гэтым годзе амерыканскія стэлс-знішчальнікі F-22 упершыню ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях — супраць ісламістаў у Іраку і Сірыі.