Старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька адпраўлены ў адстаўку. «Наша Ніва» ўзгадвае пяць фактаў з ягонай біяграфіі.

Прафесійны камсамолец

Афіцыйная біяграфія Мікалая Ладуцькі не ўтрымлівае цікавых падрабязнасцяў і нечаканых паваротаў. Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1959 годзе. Цікава, што пра сваіх бацькоў ніколі не расказваў.

Ладуцька адвучыўся ў сярэдняй школе №40, пасля скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Год ён папрацаваў у будаўніцтве і пачаў камсамольскую кар’еру.

Сакратар камітэта камсамола МАПІДа, першы сакратар Фрунзенскага райкама камсамола, намеснік заведуючага аддзелам камсамольскіх арганізацый ЦК ЛКСМБ Мінска…

Калі ў пачатку 1990-ых камсамол згубіў папулярнасць, Ладуцька стаў будаўніком. З цягам часу ён даслужыўся да кіраўніка начальніка будаўнічага ўпраўлення-101 МАПІДа, а пасля ўзначаліў найбуйнейшы сталічны раён – Фрунзенскі.

У 2007-м Ладуцька стаў намеснікам у тагачаснага старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава. Ён адказваў за будаўніцтва.

Калі ж Паўлаў цяжка захварэў, ягоныя абавязкі перайшлі да намесніка. Ладуцька быў выканаўцам абавязкаў цэлы год. Калі ў яго напрамую пыталіся, ці не крыўдна, што яму не давяраюць, Ладуцька сарамліва адводзіў вочы: «Значыцца, так вырашыў прэзідэнт».

Толькі калі Паўлаў памёр, Ладуцьку ўсё ж прызначылі старшынёй Мінгарвыканкама. Сталіцай Беларусі ён кіраваў пяць з паловай гадоў.

Прыхільнік ушчыльнення

Якімі ідэямі запомніўся Ладуцька жыхарам сталіцы? Калі Паўлаў зацята змагаўся з прыватнай забудовай, то Ладуцька падыходзіў да гэтага пытання не так прынцыпова. Некаторыя раёны, якія меркавалася зносіць, атрымалі права на жыццё.

Затое пры Ладуцьку распаўсюд атрымала «ўшчыльненне». Пасярод двароў паўставалі шматпавярховікі МАПІДа, а пратэсты мясцовых жыхароў не прыносілі ніякага плёну.

Самастойнай палітыкі ён, вядома ж, не ажыццяўляў. Самыя неадназначныя рашэнні, як, напрыклад, знос аўтавакзала «Маскоўскі» прымаліся ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Сарамлівы генерал-маёр

У 2011-м Мікалай Ладуцька разам са старшынямі аблвыканкамаў стаў генерал-маёрам. Чыноўнікі ўзначаляць «рады абароны» сваіх рэгіёнаў. Ладуцька ў вайсковай форме выглядаў асабліва камічна.

Падавалася, што Лукашэнка не ставіцца да старшыні Мінгарвыканкама сур’ёзна. Кіраўнік дзяржавы пастаянна рабіў публічныя вывалачкі мэру, а мог яго і прынізіць. Узяўшы нешта ў сталовай, Лукашэнка ківаў у бок Ладуцькі, маўляў, «ён заплаціць». Сам Ладуцька пры гэтым сарамліва ўсміхаўся і цягнуўся за кашальком.

Жыхар клубнага дома

Затое належныя ўмовы для жыцця Ладуцька сабе арганізаваў. Ён жыве ў трохпакаёвых апартаментах агульнай плошчай каля 100 квадратным метраў у закрытым квартале на вуліцы Чарвякова ў Мінску.

Гэта незвычайнае месца – адзіны двор, у які выпадковы госць нават не можа зайсці падчас шпацыру. З усіх бакоў квартал абнесены высокім плотам, а месцы заезду аўтамабіляў на паркоўку замкнёныя на ключ.

Гэты дом узводзіла Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. А кіраўніком гэтай установы ў сярэдзіне 2000-­х якраз і быў Ладуцька.

Так і не пачаў будаваць катэдж

Падчас раздачы чыноўнікам зямлі ў Вяснінцы адным з першых участак адхапіў Мікалай Ладуцька. Адпаведнае рашэнне старшыні Мінгарвыканкама (то бок самога Ладуцькі) было падпісана 10 лістапада 2011 года.

14 сотак зямлі афіцыйна каштавалі больш за $200 тысяч, аднак рэальна – пад мільён даляраў. Ладуцька ўзяў сабе самы ласы кавалак, на першай берагавой лініі, за 100 метраў ад вадасховішча Дразды. Раней ягоны надзел быў агародам іншых жыхароў. Ім выплацілі кампенсацыю.

Мяжы між надзелам мэра і туалетам ранейшых жыхароў няма. 

Мяжы між надзелам мэра і туалетам ранейшых жыхароў няма. 

Мэр нават не пачынаў будаўніцтва. Пляцоўку разраўнялі работнікі Сяргея Румаса.

Мэр нават не пачынаў будаўніцтва. Пляцоўку разраўнялі работнікі Сяргея Румаса.

Аднак будавацца Ладуцька так і не пачаў. Ягоную зямлю пакуль што толькі разраўнялі рабочыя суседа, кіраўніка Банка развіцця Сяргея Румаса.

На тое, каб пабудаваць дом, Ладуцьку давалася тры гады. Тэрмін скончыцца 1 сакавіка 2015 года. Былому мэру давядзецца звяртацца на новага мэра, каб папрасіць на будоўлю яшчэ некалькі гадоў. Іначай зямлю могуць канфіскаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?