Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін наведаў спектакль «Апавяданні Шукшына», пастаноўшчыкам якога з'яўляецца латвійскі рэжысёр Алвіс Херманіс, унесены Расіяй у «чорны спіс». Пуцін пахваліў спектакль і рэжысёра, тады як Херманіс выступіў з заявай, у якой абвінаваціў прэзідэнта Расіі ў тым, што той паступіў не па-мужчынску.

Рэжысёр распаўсюдзіў заяву, у якой сцвярджаецца, што прэзідэнт Расіі непаважліва павёў сябе ў грамадскім месцы — пасля спектакля выйшаў на сцэну і сказаў «прапагандысцкую прамову, у якой паспрабаваў зрабіць сваім ідэалагічным саюзнікам пісьменніка Васіля Шукшына, якога даўно ўжо няма ў жывых і ў якога няма магчымасці супраціўляцца гэтай маніпуляцыі».

«Добра ведаючы біяграфію і творчасць Шукшына, моцна сумняваюся ў тым, што пісьменнік стаў бы саюзнікам Пуціна, калі б ён дажыў да нашых дзён.

Пачнем з таго, што яго бацькоў у 1933 спачатку арыштавалі, а затым расстралялі чэкісты. У яго літаратурных працах паміж радкамі адчуваецца даволі негатыўнае стаўленне да савецкай улады (наколькі гэта дазваляла цэнзура таго часу), — піша Херманіс.

«Шукшын увасабляў самыя лепшыя рысы рускага чалавека. (..) Ніколі не паверу, што ён падтрымаў бы і далучыўся б да савецкай люмпенізаванай псіхадэліі, якая цяпер дамінуе ў расійскім грамадстве, і якую Пуцін спрабуе спакаваць як адраджэнне рускай духоўнасці.

Апошнім часам ідэолагі Пуціна ў сваіх публікацыях рэгулярна спрабуюць выставіць сваімі саюзнікамі ўжо даўно памерлых класікаў рускай культуры, пачынаючы з Пушкіна і заканчваючы Высоцкім. Гэта ганебная тактыка, і дакладна гэтак жа не па-мужчынску дзейнічаў Пуцін у дачыненні да Шукшына 4 лістапада», — мяркуе рэжысёр.

«Ніхто ў свеце не адмаўляе таго, што ў расійскай культуры вялікая гісторыя, але гэтыя даўно памерлыя людзі не маюць ніякай сувязі з антырускай ідэалогіяй Пуціна.

Тое, што прэзідэнт Расіі наведвае спектакль, рэжысёр якога роўна месяц таму быў уключаны ў чорны спіс гэтай краіны, вядома, толькі даказвае тое, што ў Крамлі зараз правая рука не ведае, што робіць левая. Гэта сведчыць аб няўзгодненых паводзінах, што небяспечна менавіта таму, што ўжо не лагічна. Як зламаная цацка, рухі якой ужо нельга прагназаваць», — піша Херманіс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?