У адным з апошніх інтэрвію Каця (файна, што мне і ня трэба тлумачыць, якая Каця, так бы мовіць «The Каця») сказала забаўную рэч — маўляў, на самой справе многім беларускамоўным распаўсюджваньне беларускай мовы зуcім ня трэба, бо беларускамоўныя тады ня будуць такімі ўнікальнымі на фоне іншых.

Гм, падумаў я, дагэтуль самым страшнай пужалкай лічылася, што беларускамоўныя хочуць усіх вакол прымусіць гаварыць па-беларуску, зрабіць так, каб ніякіх іншых моваў вакол не было. А тут аказваецца, «распаўсюджваньне мовы ім ня трэба».

Прыкольная лёгіка (дакладней, яе адсутнасьць). І ў сувязі з гэтым мне ўзгадаліся яшчэ некалькі прыкладаў такіх «парных», «люстэркавых» абвінавачваньняў на адрас белмоўных, якія выключаюць адно аднаго — але тым ня менш, гадамі гучаць у розных дыскусіях.

«Яны вывучылі мову, толькі таму, бо ім за гэта плацяць грошы». – «За вашу беларускую мову ніхто мне не заплаціць, навошта яе вучыць».

«Яны гавораць па-беларуску, каб схаваць свой комплекс непаўнавартасьці». — «Яны гавораць па-беларуску, бо маюць манію вялікасьці, пагарджаюць простымі людзьмі, і лічаць сябе вышэйшымі за іх».

«Яны гавораць па-беларуску, бо гэта стала модна». — «Па-беларуску гавораць толькі калхозьнікі, апазыцыянэры, дзівакі і фрыкі».

«Яны вывучылі белмову, каб выдзеліцца над астатнімі і атрымаць перавагу ў сваёй сфэры». — «Белмоўныя – гэта вузкае гета, адкуль няма выхаду ў вялікі сьвет».

«Беларускамоўныя паўсюль лезуць са сваёй мовай, гавораць на ёй дзе варта і дзе ня варта». — «Яны на мове размаўляюць толькі паміж сабой, а як выйдуць у горад — дык адразу пераходзяць на расейскую».

То бок — у чым бы вы не абвінавацілі беларускамоўных, іх адразу ж можна абвінаваціць у нечым цалкам процілеглым і адваротным. Такая вось «прэзумпцыя вінаватасьці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?