Сёння ў сталіцы прадпрымальніцкі рух «Перспектыва» ладзіць аднадзённы страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі маюць намер такім чынам выказаць свой пратэст супраць уступлення з 1 студзеня 2008 году істотных абмежаванняў у іх дзейнасці, аднак гэта не адзінае патрабаванне страйкоўцаў.
Як паведаміў Радыё Рацыі лідэр «Перспектывы» Анатоль Шумчанка «акрамя таго, што мы патрабуем адмены пункту 1.1 указа №760, аб прыцягненні на працу толькі блізкіх сваякоў, мы таксама хочам выказаць сваю салідарнасць з тымі актывістамі, якія зараз знаходзяцца ў турмах».
Апроч гэтага актывісты «Перспектывы» праз свой страйк дамагаюцца сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і пачатку перамоваў з ягонай адміністрацыяй аб распрацоўцы законы аб малым бізнесу ў Беларусі.
Апроч гэтага на сёння таксама была прызначаная сустрэча прадпрымальнікаў, што бралі ўдзел у мітынгу пратэсту 10 снежня, з кіраўніком парламенцкай камісіі па прамысловасці, сувязі і прадпрымальніцтву Анатолем Паўловічам.
Аднак як удалося высветліць, сустрэча, аб якой чыноўнік абяцаў удзельнікам прадпрымальніцкага мітынгу, сёння усё ж не адбудзецца — яшчэ учора Паўловіч паведаміў прадпрымальнікам, што часу на спатканне з імі ня мае.
‑ Ён яшчэ нават і не разглядаў нашыя заявы ні ад 10 ні ад 13 снежня. Ён сказаў, што сёння ў іх 85 год «Беларусбанку» — яны занятыя, заўтра, па яго словах у іх закрыццё сесіі, і яны таксама ня маюць часу з намі размаўляць, — распавёў адзін з арганізатараў прадпрымальніцкага мітынгу 10 снежня Аляксандр Талстыка
Нягледзячы на абсалютнае нежаданне улады ісці на кантакт з прадпрымальніцкім рухам, актывісты «Перспектывы» ўсё ж спадзяюцца, што сённяшні іхні страйк ўсё ж прымусіць кабінет ураду звярнуць увагу на праблемы прадпрымальнікаў.