Пажар на вялікім супрацьлодачным караблі расійскага Чарнаморскага флоту «Керч» мог стацца вынікам узгарання электранагравальнага прыбору, паведаміла ў панядзелак крыніца ў расійскіх сілавых структурах агенцтву РІА «Новости».

У выніку карабель, які па заходняй класіфікацыі лічаць ракетным крейсерам, можа быць спісаны, бо атрымаў занадта вялікія пашкоджанні. Раней планавалася, што пабудаваная ў пачатку 1970-х «Керч» будзе служыць як мінімум да 2019 года.

«На момант узгарання электранагравальнага прыбору ў памяшканні нікога не аказалася, і агонь перакінуўся на машыннае аддзяленне», — паведаміла крыніца.

«Керч» — адзін з 2 караблёў 1 рангу Чарнаморскага флоту РФ. Другі — ракетны крейсер «Масква» — з'яўляецца флагманам флоту. Ракетнае, тарпеднае і артылерыйскае ўзбраенне «Керчы» дазваляе знішчаць як падводныя, гэтак і надводныя караблі праціўніка, а таксама змагацца з авіяцыяй.

На барту знаходзіцца вэрталет К-25, які можа несці бомбы і тарпеды. Экіпаж карабля — 429 чалавек.

Зараз абставіны здарэння вывучае спэцыяльная камісія на чале з намеснікам галоўнакамандуючага ВМФ РФ віцэ-адміралам Аляксандрам Фядоценкавым.

Пажар на «Керчы» пачаўся прыкладна а пятай раніцы 4 лістапада і працягваўся 5 гадзін. Паводле афіцыйнай інфармацыі падчас здарэння ніхто не быў паранены і не загінуў.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?