Сёньня пачаўся судовы працэс па абароне, гонару, годнасьці дзелавой рэпутацыі кіраўніка афіцыйнага пісьменьніцкага саюзу Мікалая Чаргінца. Ён выказаў свае прэтэнзіі да публікацыі ў газэце “Новы час” палітычнага нарыса журналіста Аляксандра Тамковіча “Генэрал і сэнатар Мікалай Чаргінец”.

Падтрымаць Тамковіча да суду Першамайскага раёну прыйшлі Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, Ігар Рынкевіч, Валеры Шчукін, Сяргей Скрабец, Жанна Літвіна. Залю для слуханьня справы выдзелілі ня самую вялікую, таму частка людзей не змагла трапіць на працэс. Фактычна адразу судзьдзя Ананіч выдаліла з залі палітыка Скрабца і гісторыка Аляксея Хадыку, якія сьмяяліся.

Сам Чаргінец на суд не зьявіўся, бо ў яго “важныя дзяржаўныя справы”. Прадстаўніца генэрала зачытала нядаўні ліст Аляксандра Тамковіча да Чаргінца, дзе выказвалася шкадаваньне, што публікацыя неяк абразіла палітыка. У сувязі з гэтым заяўнік зьменшыў памер пазоў: ад Тамковіча цяпер ён патрабуе атрымаць 5 мільёнаў рублёў маральнай кампэнсацыі, а ад выдавецтва “Час навінаў” – 50 мільёнаў. Раней гэтыя лічбы раўняліся 500 і 100 мільёнам рублёў адпаведна.

Прэтэнзіі Чаргінца выклікаюць цэлы шэраг момантаў публікацыі: ад згадкі пра літаратурных рабоў, да славалюбства генэрала і цягі яго да самапіяру. Таксама Чаргінца абурыла фраза пра “нізкую якасьць ягоных твораў”. Абарона адказала па кожнаму з пунктаў абвінавачваньня.

Сам Аляксандар Тамковіч заявіў, што мае за рацыю па ўсіх пунктах.

Абарона заявіла хадатайніцтва пра літаратурную экспэртызу нарыса А. Тамковіча. Судзьдзя Алена Ананіч адмовіла ў просьбе.

Быў заслуханы сьведка з боку пазоўніка, які пацьвердзіў службу М. Чаргінца ў Аўганістане. Ён, у прыватнасьці, паведаміў: "На кухні ў Мікалая Іванавіча стаяў кулямёт, а ў залі ляжалі гранаты".

Пасьля судовых спрэчак судзьдзя абвесьціла, што працяг працэсу пачнецца заўтра а 9-й.

Зьміцер Панкавец

. Photo by Julia Darashkevich
. Photo by Julia Darashkevich
. Photo by Julia Darashkevich
. Photo by Julia Darashkevich
Усім прысутным не хапіла месца ў залі паседжаньня. Сяргей Скрабец разьмесьціўся ў клетцы. 'Я прывык', - патлумачыў ён"

Здымкі Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0