У Беларусі штогод рэгіструецца да 3 тысяч хворых на гепатыт С. На медыцынскім уліку цяпер стаіць каля 45 тысяч беларусаў з такім дыягназам. У рэальнасці іх больш: захворванне часта працякае без сімптомаў, чалавек можа хварэць гадамі і нават не здагадвацца пра гэта.

У людзей няма звычкі без дай прычыны хадзіць па паліклініках і здаваць аналізы на гепатыт С. Тым больш, калі нічога не турбуе. Часта хворыя даведваюцца пра гепатыт С толькі на стадыі цырозу ці раку пячонкі.

У Гомельскай вобласці, па да­дзеных абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, за 8 месяцаў 2014 года выяўлена ў тры разы больш хворых на вірусны гепатыт С, чым за аналагічны перыяд 2013 года (0,21 хворых на 100 тысяч жыхароў за 8 месяцаў 2014 года, 0,07 на 100 тысяч за 8 месяцаў 2013 года). Рост у 15% зафіксаваны і па хранічным вірусным гепатыце С (11,66 на 100 тысяч насельніцтва за 8 месяцаў 2013 года, 13,43 на 100 тысяч насельніцтва за 8 месяцаў 2014 года).

«Прыбіць» за 15 тысяч даляраў

Для многіх хворых дыягназ гучыць як прысуд не толькі з­-за цяжкасці хваробы, складанасці лячэння з­за шматлікіх пабочных эфектаў, сумных перспектыў (цыроз, рак пячонкі), але і з-­за немагчымасці пачаць тэрапію, не маючы неабходнай сумы грошай.

Лячэнне платнае і вельмі дарагое — да 90 тысяч даляраў за курс, калі браць самыя сучасныя лекі. Самыя ж танныя сучасныя лекі — так званыя «кароткія інтэрфероны» — каштуюць ад 3 да 5,5 тысяч даляраў за курс.

Але яны нізкаэфектыўныя, са шматлікімі пабочнымі эфектамі, якія цяжка пераносяцца. Хворыя часта выбіраюць «залаты стандарт» — тэрапію з 2 кампанентаў, «пегасіса» ці «пегінтэрферона» з рыбаверынам. Кошт такой тэрапіі ў залежнасці ад генатыпу — 7—15 тысяч даляраў. І гэта — без кошту даследаванняў, аналізаў, іншых дадатковых лекаў.

Тэрапія з трыма кампанентамі, якая лічыцца больш эфектыўнай, каштуе да 55 тысяч даляраў.

У 2013 годзе СМІ абляцела гісторыя маладога доктара­траўматолага з Гомеля Сяргея Малашанкі. Ён сцвярджаў, што захварэў на працы, хоць гэта і цяжка даказаць, і прасіў дапамагчы яму сабраць сродкі на лячэнне. Грошы былі сабраныя, і ў маі 2014 года доктар даў справаздачу на сваім сайце, што ўдала скончыў тэрапію.

Жыхарка Гомеля Наталля, маладая маці, лечыцца зараз ад гепатыту С, маючы самы горшы, першы генатып.

У краінах Еўропы найбольш распаўсюджаны першы, другі і трэці генатып. Першы найбольш цяжка паддаецца лячэнню, эфектыўнасць тэрапіі — у сярэднім каля 50%. Лячыцца трэба 48 тыдняў (15 тысяч даляраў). З другім ці трэцім генатыпам курс лячэння — 24 тыдні, адпаведна, і кошт меншы — каля 7 тысяч даляраў.

У Наталлі трое малых дзяцей. Яна працуе ў сферы абслугоўвання, таму прыбыткі, разам з «дзіцячымі» — смеху вартыя.

У мінулым годзе маладая маці развялася з мужам. Таму апынулася перад мноствам праблем сам­насам. «Я даведалася пра гепатыт С у 1999 годзе. Але дактары супакоілі, што нібыта гэта — нічога страшнага. Яны мяне ўпэўнілі, што гепатыт С не лечыцца, таму не варта марнаваць грошы. Гэта цяпер я ведаю, і тое, дзякуючы інтэрнэту, што лячыцца можна! А так колькі гадоў жыла сабе, дзяцей нараджала — дзякуй Богу, што яны не захварэлі, і нават не спадзявалася на лячэнне», — распавядае Наталля.

Не паложана

Яна не ведала і таго, што да 2009 года магла б лячыцца бясплатна, пакуль дзяржава не скасавала такую норму. «А мяне ўсе дактары супакойвалі, што ўсё нармальна. Толькі ў 2013 годзе я прайшла даследаванне ў Кіеве — фібраскан, які паказаў, што ў мяне развіваецца цыроз, таму трэба тэрмінова лячыцца. Гэта быў шок і жах. Дзе ўзяць 15 тысяч даляраў?» — успамінае маладая маці.

Жанчына напісала шэраг лістоў — у Міністэрства аховы здароўя, у Адміністрацыю прэзідэнта, просячы дапамогі ў лячэнні.

«Я шматдзетная маці! Заразілі мяне, хутчэй за ўсё, пры родах першага дзіцяці — менавіта пасля яго нараджэння, пасля кесаравага, у мяне і выявілі той гепатыт. Ну ўявіце! Я не наркаманка, татуіровак не рабіла, аперацый, пералівання крыві таксама! Вось толькі роды былі. І пасля родаў выпадкова, праз чатыры месяцы, выявілі той гепатыт! Адкуль? Чаму я павінна лячыцца за свае сродкі, калі дзяржава вінаватая, што праз медыцынскія ўстановы мы можам заразіцца?» — пытаецца Наталля.

Па яе словах, адказы з інстанцый былі аднолькавыя: лячэнне платнае, для ўсіх катэгорый грамадзян. Год Наталля збірала грошы, ашчаджала кожную капейку.

«Я б і не лячылася за такія грошы! Пры 50% магчымасці вылечыцца. Але ж дзеці?! На каго я іх пакіну? Іх і бацька нават кінуў», — бядуе жыхарка Гомеля.

Часткова грашыма ёй дапамаглі бацькі, і Наталля пачала тэрапію «доўгімі» і дарагімі інтэрферонамі. Першыя два ўколы прадставіла бясплатна, як і ўсім хворым, якія наважыліся лячыцца, інфекцыйная бальніца. Далей — за свае сродкі. «Разам з аналізамі, даследаваннямі, лячэннем пабочных эфектаў у месяц трэба было недзе як мінімум 11 мільёнаў рублёў. Але жах быў не толькі ў касмічных сумах, але ў самой тэрапіі», — звяртае ўвагу суразмоўца.

Пакута

У яе пасля першых жа ўколаў пасыпаліся валасы, праз два месяцы пасля жорсткай атакі арганізма небяспечнымі ўколамі і таблеткамі пачаліся праблемы са страўнікам, кішэчнікам. Не вытрымала такі «пегінтэрферонавы» націск і шчытавіца. Прыйшлося падключаць гарманальныя прэпараты. Пачаліся праблемы з псіхікай, са сном.

«Я стала страшна раздражнёная, проста магла сарвацца на роўным месцы, накрычаць на дзяцей, хоць такога са мной ніколі раней не было.

Доўгія пакутлівыя ночы без сну, тэмпература да 39 пасля ўколаў, і яшчэ тры дні пасля тых уколаў ляжыш пластом, калі, канечне, гэта было б магчыма з трыма дзецьмі. Лячэнне — тое ж, што хіміятэрапія», — дадае Наталля.

Днямі яна скончыла 48­-тыднёвы «марафон». Пакуль аналізы паказваюць, што віруса няма ў арганізме. Але здараецца, што ён вяртаецца, нават праз 6 месяцаў, і праз год, і праз паўтара. Трэба кантраляваць, здаваць аналізы. «Не хачу нават і думаць, што вірус вернецца, што ўсё гэта — мільёны грошай, апошняе здароўе, якое «легла» ў барацьбе з гепатытам, — было марным. Я проста гэта не вытрымаю. Хаця вытрымаю, куды мне дзецца? Але другую тэрапію, а другі раз ужо можна толькі безінтэрферонавую праводзіць, раз інтэрферонавая не дапамагла, я ніяк не пацягну. 90 тысяч даляраў? Мне такія грошы нават не сніліся!» — заўважае маладая жанчына.

Нуль сімптомаў, і мноства пабочных эфектаў пры лячэнні

Часцей за ўсё хваробу выяўляюць выпадкова, калі чалавек здае кроў пры, напрыклад, паступленні на планавую аперацыю, пры цяжарнасці, калі будучыя маці становяцца на ўлік. Сімптомаў гепатыту С можа наогул не быць, а могуць быць такія непадобныя на захворванне пячонкі сімптомы, як болі ў суставах. Чалавек можа хутка стамляцца, але наўрад ці гэта прывя­дзе яго да думкі пра гепатыт С. Часам стома, млявасць — адзіны, хоць і неінфарматыўны, сімптом гепатыту С.

Захворванне перадаецца праз кроў, вельмі рэдка — палавым шляхам ці ад маці да дзіцяці, а праз бытавы шлях заразіцца наогул немагчыма. А вось у манікюрных салонах, стаматалагічных кабінетах, салонах тату, якія абыякава ставяцца да стэрылізацыі інструменту — вірус падхапіць можна, і лёгка. Ну, і ў наркаманаў гэта тыповая хвароба.

«Грашу на стаматалогію»

Жыхарка аднаго з райцэнтраў Гомельскай вобласці нават не здагадваецца, адкуль у яе арганізме з’явіўся гепатыт С. «Грашу на нашу стаматалогію — часта там лячыла, асабліва пасля нараджэння дзіцяці былі праблемы з зубамі. Усё была нейкая слабасць, млявасць, суставы балелі. Хадзіла па розных дактарах, выпадкова выявілі гепатыт. На нармальнае лячэнне не было грошай — адкуль? Пачала лячыцца «кароткімі» інтэрферонамі, недзе больш за мільён у месяц. Але ж гэта не тысяча даляраў, як «доўгія» інтэрфероны каштуюць», — тлумачыць Святлана.

Розніца ў «кароткіх» і «доўгіх» інтэрферонах не толькі ў кошце, але і тым, што «кароткія» ін'екцыі трэба ўводзіць спачатку кожны дзень, потым — праз дзень. Больш пакут, і меншыя працэнты выздараўлення.

Святлана ўсё-­такі спадзяецца, што і «рэаферонам» здолее «прыбіць» вірус. У яе — трэці генатып віруса гепатыту С. Лічыцца, што ён лепш паддаецца лячэнню, курс якога — 6 месяцаў, а не год, як пры першым генатыпе.

Калі пра «доўгія», больш эфектыўныя прэпараты­інтэрфероны Святлана нават не марыць — бо адкуль грошы? — то пра навінку ў лячэнні гепатыту С — софасбувір за 90 тысяч даляраў, — слухае з саркастычнай усмешкай на твары.

Фібраскан ці падман?

Праблемы ў лячэнні гепатыту С не толькі ў фінансах, але і дыягностыцы. Пры нулявым фіброзе (што значыць, што вірус яшчэ не разбурыў пячонкі і не дайшло да цырозу) можна пакуль і не лячыцца. Ступень фіброзу вызначаецца біяпсіяй (міні­аперацыяй) ці фібрасканам (апарат, які скануе пячонку ў некалькіх пунктах, працэдура праходзіць хутка, без болю, падобная да УЗІ).

Да кастрычніка 2014 года беларусы былі пазбаўлены нават магчымасці прайсці фібраскан — такой паслугі не было ў РБ. Таму хворыя ездзілі для даследаванняў у іншыя краіны.

Напрыклад, у Вільні можна было прайсці фібраскан за 200 літаў (850 тысяч рублёў). У Смаленску — прыкладна за 1,1 мільёна беларускіх рублёў. У Кіеве працэдура каштуе ад 1200 да 1500 грыўняў (каля мільёна беларускімі).

У кастрычніку 2014 года нарэшце было абвешчана, што «працэдуру эластаграфіі пячонкі» можна зараз прайсці і ў Мінску, у гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы на Крапоткіна, 76. Кошт працэдуры — каля 500 тысяч беларускіх рублёў. Але і тут хворых чакала «засада».

На беларускім гепатыт­форуме другі месяц працягваюцца спрэчкі: ці на самай справе новы апарат ёсць той самы фібраскан? Выявілася, што апарат той называецца Aixplorer, і ён не фібраскан, а яго аналаг ці нешта падобнае. У гарадской інфекцыйнай бальніцы па тэлефоне адказалі, што апарат праводзіць эластаграфію пячонкі, і ўдакладнілі, што гэта «той самы фібраскан». Хворыя ж сцвярджаюць, што іх папросту падманваюць.

Карпарацыі падлічваюць прыбыткі

Карпарацыя Gilead у 2013 годзе ўрачыста абвясціла пра прарыў у лячэнні гепатыту С — новыя «цуда­таблеткі» софасбувір. Маўляў, гэта таблеткі, а не ўколы, якія маюць мінімум пабочных эфектаў, і максімум выздараўлення. Толькі наўрад ці большасць хворых беларусаў будуць усур’ёз задумвацца пра софасбувір, адна таблетка якога каштуе 1 тысячу даляраў.

Дарэчы, вядомы беларускі прадзюсар Макс Алейнікаў збіраецца лячыцца, напэўна, менавіта софасбувірам, на які збірае зараз грошы, тыя самыя 90 тысяч даляраў.

І ячшэ некаторая інфармацыя пра новыя «цуда­-лекі». Прэпарат «Совасбувір» (савальдзі) быў зарэгістраваны ў ЗША ў снежні 2013 года, у Еўропе — у студзені 2014. Лекавы сродак характэрызуецца высокай эфектыўнасцю ў лячэнні гепатыту С. Кошт 12­тыднёвага курсу лячэння — каля 90 тысяч даляраў. Пры гэтым фармацэўтычная карпарацыя не гарантуе 100%.

Тым часам карпарацыя Gilead плануе выпусціць новую версію прэпарату і павялічыць кошт лекаў. І гэта пры тым, што чакаецца, што ў 2014 годзе продаж софасбувіру прынясе вытворцу прыбытак 12 млрд даляраў.

Патрэбная сістэма

У іншых краінах свету, калі гаварыць пра цывілізаваныя дзяржавы, ад гепатыту С лечаць па страхавой медыцыне, дзе бясплатна, а дзе са значнымі зніжкамі.

Нават у Расіі значная частка хворых можа трапіць у бясплатныя праграмы і вылечыцца ад гепатыту С.

У Казахстане хворых ставяць на чаргу, і яны атрымліваць бясплатнае лячэнне.

У Грузіі для хворых дзейнічае 60% зніжка на прэпараты.

Беларусы ж застаюцца са сваёй бядой сам­насам. Дактары ці раяць не пераймацца (спакойна чакаць цырозу ці раку пячонкі), ці прапануюць раз­два на год «пракапацца» лекамі, якія нібыта бароняць пячонку. Ці шукаць грошы.

Трэба, каб Міністэрства аховы здароўя распрацавала новую схему, як ратаваць беларусаў ад гэтай страшнай хваробы — гепатыту С.

***

Гепатыт С

– хвароба, якой у свеце хранічна інфікаваныя 150 мільёнаў чалавек. Яе інфекцыйнага агента адкрылі толькі ў 1989 годзе. Дарэчы, і ўзбуджальнікаў гепатытаў А і В адкрылі параўнальна нядаўна, у 1970—80­-я. Гепатыт С працякае без жаўтухі, але з характэрнай слабасцю, поўным упадкам сілаў.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?