Краязнаўства паступова сыходзіць у лічбавыя бібліятэкі. Шкада, што ў мяне самога не стае часу займацца гэтай справай. Аднак гэтым заняўся мой малады калега і краязнаўца Кастусь Шыталь — і знайшоў сенсацыйныя матэрыялы. Аказваецца, не такія ўжо нехлямяжыя былі беларусы за «польскім часам».

На абшарах Пастаўскага і Дзісенскага (сталіца — Глыбокае) паветаў кіпела грамадска­палітычнае жыццё. Праваслаўныя, напрыклад, прынцыпова не хадзілі ў царкву, калі там быў «поп маскаль». Патрабавалі святара беларуса! Дамагаліся! Ізноў ажывала царкоўнае жыццё, вернікі масава вярталіся ў храмы. У 1920­я быў шырокі рух за беларускія школы. Яны існавалі не толькі ў Глыбокім, але бадай ва ўсіх вакольных вёсках: Жураўнёве, Шубніках, Ледніках… Яблонцы. Апошняй ужо і на мапе няма.

Зацікавіла адна з публікацыяў у тыднёвіку «Беларуская Крыніца — Biełaruskaja Krynica», №11 за 9 лютага 1928 года — «Маскалёў ацанілі, як трэба». Гісторыя, як кажуць, развіваецца па спіралі. У далёкай па часе публікацыі нечакана знайшліся паралелі з сённяшнімі парламенцкімі выбарамі ва Украіне. Дый беларусы, у прыватнасці, жыхары Дзісенскага павета, разбіраліся — хто нам брат, а хто вораг. Выгналі прарускіх агітатараў з Глыбокага і Лужак падчас выбарчай кампаніі 1928 года!

Дарэчы, рэдактарам газеты за гэты перыяд пазначаны Павал Каруза, дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кампазітар. Сам Павал Каруза ў тым самым 1928 годзе быў абраны паслом на Сойм 2-­ой Рэчы Паспалітай ад беларусаў Свянцяншчыны (цяпер Швянчоніс у Летуве). Сям’я Карузаў, збеларушчаных італьянцаў, жыла тады ў ваколіцах Глыбокага, бацька Язэп быў арганістам у дзеркаўшчынскім касцёле. У пазнейшыя часы рэдактарам «Беларускай Крыніцы» пазначаны Янка Пазняк, дзед Зянона Пазняка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?